Мінск 20:40

Дэлегацыям Беларусі і РФ не дазволяць удзельнічаць у сесіі ПА АБСЕ ў Бухарэсце

Скрыншот: відэаматэрыял ПА АБСЕ

15 чэрвеня, Позірк. Дэлегацыі Беларусі і Расіі не змогуць узяць удзел у сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ), якая пройдзе 29 чэрвеня — 3 ліпеня ў Бухарэсце.

“Улады Румыніі прынялі рашэнне не дапусціць расійскую дэлегацыю да ўдзелу ў штогадовай сесіі ПА АБСЕ, — заявіў прэс-сакратар румынскага МЗС Раду Філіп 15 чэрвеня тэлеканалу Antena3. — Гэтая мера будзе ўжытая да ўсіх членаў дэлегацыі — парламентарыяў і тэхнічнага персаналу. Гэтая ж мера будзе ўжытая і да дэлегацыі Рэспублікі Беларусь”.

Паводле яго слоў, рашэнне грунтуецца на “вядомай і паслядоўнай пазіцыі Румыніі ў дачыненні да РФ у кантэксце працяглай агрэсіўнай вайны супраць Украіны”.

“Акрамя таго, некаторыя члены расійскай дэлегацыі ў ПА АБСЕ знаходзяцца пад абмежавальнымі мерамі на ўзроўні ЕС. Гэтае рашэнне тычыцца і Беларусі, якая падтрымлівае вайну, развязаную РФ”, — дадаў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) Ігар Сяргяенка 19 траўня ў эфіры тэлеканала АНТ заявіў, што ніжняя палата беларускага парламента мае намер працаваць з ПА АБСЕ, “даводзіць сваю пазіцыю, выказваць свой пункт гледжання на тыя працэсы, якія сёння адбываюцца ў міжнароднай супольнасці”.

30 красавіка Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, які не прызнаюць дэмакратычныя краіны, сфармавалі склады дэлегацый “па ажыццяўленні кантактаў з еўрапейскімі парламенцкімі арганізацыямі”, у тым ліку ПА АБСЕ.

На зімовай сесіі ПА АБСЕ на пачатку гэтага года ў Вене дэлегацыя ПП НС зладзіла дэмарш праз удзел у мерапрыемствах беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай. Перад выступам палітыка на пасяджэнні камітэта асамблеі па пытаннях дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях 22 лютага прадстаўнікі афіцыйнага Мінска — дэпутат Андрэй Савіных і амбасадар у Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік пры АБСЕ Андрэй Дапкюнас — пакінулі залу.

Ціханоўская прапанавала ПА АБСЕ прызначыць спецдакладчыка альбо аднавіць дзейнасць рабочай групы па Беларусі

22 лютага, Позірк. Прызначыць спецыяльнага дакладчыка па Беларусі альбо аднавіць дзейнасць адпаведнай рабочай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ прапанавала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 22 лютага ў Вене на пасяджэнні трэцяга камітэта па пытаннях дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях …
Падзяліцца: