Мінск 02:25

Варшава раскрытыкавала рэакцыю Мінска на просьбу выдаць вінаватага ў смерці вайскоўца

Скрыншот: відэаматэрыял Памежнай аховы Польшчы

17 чэрвеня, Позірк. Мінск “абсалютна нездавальняюча” адрэагаваў на просьбу Варшавы знайсці і выдаць чалавека, які нанёс смяротнае раненне вайскоўцу на мяжы з Беларуссю, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі 17 чэрвеня на сумеснай прэс-канферэнцыі са сваім малдаўскім калегам Міхаем Папшоем.

“Замест таго, каб знайсці і перадаць нам забойцу, яны адрэагавалі абвінавачваннямі ў нібы парушэнні Польшчай супрацоўніцтва паміж памежнікамі”, — цытуе чыноўніка партал Interia.

Паводле яго слоў, менавіта Беларусь спыніла дзеянне пагаднення аб рэадмісіі з Еўрасаюзам. Гэта, падкрэсліў Сікорскі, адбылося пасля таго, як ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў за “прымус да пасадкі еўрапейскага самалёта ў Мінску”.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітака, параненага 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, Сітак зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

У дзень смерці салдата МЗС Польшчы ўручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі Аляксею Панкраценку ноту пратэсту з “рашучым патрабаваннем спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы і арганізацыю міграцыйных плыняў”. Варшава таксама запатрабавала ад Мінска “высветліць асобу і выдаць падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна”.

7 чэрвеня прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы ўручаную Мінску ноту, папракнуў Варшаву ў “залішняй палітызацыі канкрэтнага пытання”. Паводле яго слоў, “польскі бок некалькі гадоў таму ініцыятыўна і даволі гучна разарваў узаемадзеянне з Беларуссю ў праваахоўнай сферы, спыніў кантакты па пытаннях прававой дапамогі, дыялог па лініі памежных упаўнаважаных”.

У той жа дзень Дзяржаўны пагранічны камітэт заявіў пра гатоўнасць правесці “як аднабаковае, так і двухбаковае” расследаванне інцыдэнту “ў выпадку атрымання канкрэтных звестак пра абставіны трагедыі”.

На сустрэчы з прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук 25 студзеня 2022 года Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў ЕС у тым, што яго члены “згарнулі ўсялякае супрацоўніцтва” з Мінскам.

“Яны на каленях нас прасілі заключыць дамову аб рэадмісіі, — сказаў ён. — Дамовіліся. Яны паабяцалі гэтым людзям, уцекачам, пабудаваць жытло, лагеры. Усё кінулі, перасталі фінансаваць, згарнулі ўсякую працу з намі па памежных пытаннях. Ну дык калі ласка…”

28 чэрвеня 2021 года Мінск заявіў аб прыпыненні дзеяння пагаднення аб рэадмісіі ў сувязі з новымі санкцыямі ЕС, якія былі ўведзеныя пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair, што ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце знаходзіўся на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка расіянка Сафія Сапега.

Улады тлумачылі прыпыненне пагаднення тым, што ва ўмовах згортвання з боку ЕС профільнай супрацы і спынення фінансавання праектаў у памежнай сферы Беларусь вымушана адказаць адпаведным чынам на санкцыйны ціск.

Падзяліцца: