Мінск 06:33

Прамвытворчасць у гадавым вымярэнні вырасла на 8% — Белстат

17 чэрвеня, Позірк. Прамысловая вытворчасць у студзені — траўні 2024 года ў наяўных цэнах склала 83,2 млрд рублёў (+8% да аналагічнага перыяду 2023-га), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У горназдабыўной прамысловасці рост склаў 4,8% (месяцам раней гэты паказчык быў +5,4%), апрацоўчай прамысловасці — 8,2% (+7,9%), у сферы забеспячэння электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — 7,7% (+7,9%), у абласцях водазабеспячэння, а таксама збору, апрацоўкі і выдалення адкідаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — 0,8% (не змянілася).

Па выніках студзеня — красавіка Беларусь заняла другое месца ў Еўразійскім эканамічным саюзе па росце прамвытворчасці: у ЕАЭС у цэлым — рост на 5,2%, Арменіі — на 26,1%, Беларусі — на 7,7%, Расіі — на 5,2%, Казахстане — на 3,2%, Кыргызстане — на 2,2%.

Паводле даных Белстата, прамвытворчасць за 2023 год у наяўных цэнах склала 187,3 млрд рублёў (+7,7% да ўзроўню 2022-га).

Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе аб развіцці прамысловасці адной з праблем галіны назваў рэалізацыю прадукцыі: “Склады трашчаць. Складскія запасы за 2023 год выраслі на 23%. Профільны віцэ-прэм’ер мяне закалыхвае: гэта нармальна, заўсёды так было — мы тут зараз усё гэта прададзім. Але ж мы перыяд да перыяду ацэньваем гэтыя запасы. А колькі тэхнікі знаходзіцца на пляцоўках у дылераў, якія шмат для каго сталі дадатковым складам за мяжой?”

Паводле яго слоў, на складах гандлёвых дамоў Мінскага трактарнага завода сабралася амаль 6,5 тыс. адзінак тэхнікі, або больш як двухмесячны аб’ём вытворчасці: “Вось і “аб’ёмы” вытворчасці, і ваш “экспарт”.

“Які агульны вынік? Найперш падзенне якасных паказчыкаў развіцця прадпрыемстваў. Рэнтабельнасць недацягвае да ўзроўню 2022 года. Растуць колькасць стратных арганізацый і сумы страт. Мы маем складаную лагістыку і рост цэн імпартнай сыравіны. Разбурэнне кааперацыйных сувязей з заходнімі пастаўшчыкамі прывяло да неабходнасці пошуку альтэрнатыўных партнёраў або наладжвання ўласнай вытворчасці камплектуючых, у тым ліку паскоранай распрацоўкі і ўкаранення новых тэхнічных рашэнняў”, — падсумаваў ён.

Падзяліцца: