Мінск 15:06

Прэм’ер Эсваціні мае намер наведаць Беларусь, краіны ўсталявалі стасункі два тыдні таму

Прэм'ер-міністр Эсваціні Расэл Дламіні
Архіўнае фота: wikimedia.org

18 чэрвеня, Позірк. Праграму свайго першага візіту ў Беларусь абмеркаваў 17 чэрвеня прэм’ер-міністр Эсваціні Расэл Дламіні з Ігарам Белым — беларускім амбасадарам у ПАР і па сумяшчальніцтве ў Батсване, Мазамбіку і Намібіі.

Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС Беларусі, на сустрэчы размова таксама ішла пра рэалізацыю “красавіцкіх дамоўленасцей кіраўніка беларускай дыпмісіі з каралём Эсваціні Мсваці III”.

“У гэты ж дзень адбылася сустрэча кіраўніка дыпмісіі з міністрам аховы здароўя Эсваціні Мдудузі Матсэбула, — гаворыцца ў паведамленні. — Абмеркаваныя перспектыўныя кірункі развіцця беларуска-эсвацінскіх стасункаў у галіне аховы здароўя з акцэнтам на медыцынскія паслугі, фармацэўтыку і падрыхтоўку спецыялістаў у сферы аховы здароўя”.

15 красавіка ў Ёханэсбургу (ПАР) Белы і Мсваці III абмеркавалі перспектывы ўсталявання дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Эсваціні. Сумеснае камюніке пра іх усталяванне было падпісанае 4 чэрвеня ў Прэторыі (ПАР).

Беларускае знешнепалітычнае ведамства заявіла, што гэта падзея “адкрывае магчымасці для развіцця ўсяго комплексу стасункаў паміж дзвюма краінамі ў галіне палітычнага дыялогу, прасоўвання гандлю і эканамічнай кааперацыі, наладжвання сувязей у галіне адукацыі, аховы здароўя, навукі і тэхналогій, культурнага абмену”.

МЗС адзначыў, што па асобных кірунках двухбаковай супрацы ўжо “вядзецца праца”, “маецца ўзаемная зацікаўленасць” у фармаванні дагаворна-прававой базы двухбаковых стасункаў, абмеркаваныя “далейшыя практычныя крокі па развіццю ўзаемадзеяння”.

Каралеўства Эсваціні (да 2018 года — Свазіленд) — дзяржава ў Паўднёвай Афрыцы, якая займае 17,4 тыс. кв. км (менш за палову Мінскай вобласці), дзе пражывае 1,2 млн чалавек.

Валавы ўнутраны прадукт Эсваціні на душу насельніцтва ў 2023 годзе быў амаль удвая меншы, чым у Беларусі — 3.995 долараў супраць 7.427. На сельскую, лясную гаспадарку і горназдабыўную прамысловасць прыпадае 13% ВУП гэтай афрыканскай дзяржавы, на апрацоўчую прамысловасць (тэкстыль і перапрацоўка цукру) — 37% ВУП, на паслугі — 50% ВУП.

Падзяліцца: