Мінск 10:52

Кавалеўскі: Немагчыма ўявіць, што рэжым Лукашэнкі будзе сяброўскім у дачыненні да Украіны

Источник: АПК

19 чэрвеня, Позірк. Для дэмакратычных сіл найгалоўнейшым прыярытэтам з’яўляецца ўключэнне “беларускага пытання” ў парадак дня мірнага працэсу, бо “немагчыма сабе ўявіць, каб устойлівы мір ва Украіне быў магчымы, пакуль расійскія войскі захоўваюцца на тэрыторыі Беларусі”, заявіў намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Валерый Кавалеўскі.

Каментуючы ў ютуб-канале АПК “саміт міру”, які прайшоў 15–16 чэрвеня ў Бюргенштоку (Швейцарыя), ён падкрэсліў, што немагчыма таксама ўявіць сяброўскае стаўленне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да Украіны. 

“Мы разумеем, што рэжым ужо перайшоў чырвоную рысу, яны ўжо сталі суагрэсарамі і памагатарамі Расіі. На сённяшні дзень рэжым Лукашэнкі працягвае актыўна садзейнічаць агрэссіі РФ супраць Украіны”, — сказаў Кавалеўскі. 

Паводле яго слоў, як толькі стала вядома пра саміт у Швейцарыі, дэмсілы пачалі праз партнёраў дамагацца сваёй прысутнасці ў Бюргенштоку. 

“Не ўсё ў нас атрымалася, тым не менш мы змаглі давесці інфармацыю пра нацыянальныя інтарэсы Беларусі, каб Беларусь была пазначаная на “мапе дзеянняў”. Каб мірныя дамоўленнасці, калі яны будуць заключацца, таксама змяшчалі ў сябе беларускія нацыянальныя інтарэсы”, — дадаў палітык.

Дзеля міру ва Украіне, на яго думку, “трэба абавязкова дамагацца таго, каб расійскія войскі цалкам выйшлі з тэрыторыі Беларусі, прыхапілі за сабой сваю ядзерную зброю, і каб у Беларусі была адноўленая дэмакратыя, каб улада перайшла беларускаму народу”.

Пасля завяршэння саміту, адзначыў намеснік кіраўніцы АПК, дэмсілы працягнуць кансультацыі з партнёрамі. “Мы будзем вызначаць <…>, што мы зараз можам зрабіць для таго, каб наступныя крокі ў гэтыv мірным працэсе ўлічвалі абавязкова нацыянальныя інтарэсы Беларусі”, — сказаў ён.

Падзяліцца: