Мінск 08:13

З пачатку года палітзняволеная Шарэнда-Панасюк 70 сутак правяла ў ШІЗА

Крыніца: ПЦ "Вясна"

23 чэрвеня, Позірк. 70 сутак у штрафным ізалятары (ШІЗА) правяла з пачатку года палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” яе муж Андрэй Шарэнда.

Цяпер, паводле яго слоў, жанчына знаходзіцца ў гомельскім СІЗА.

“Неймаверная спякота, вільгаць і смярдзючы пах з “туалета”. Пах, які не перабівае нават з’едлівы дым танных цыгарэт. Цяжка дыхаць, пот льецца патокамі. А душ толькі адзін раз на два тыдні. Лета ў камеры СІЗА — гэта катаванне. Асабліва для жанчыны. А Паліна ў СІЗА ўжо чацвёрты раз. Чацвёртая крымінальная справа і бясконцы “год сурка”, — напісаў Шарэнда

Апошнія месяцы ён назваў “асабліва цяжкімі” для палітзняволенай.

“Фізічны і маральны ціск. Паўгода поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. Мы нават і блізка не ведаем, чым Паліне пагражалі, што з ёй рабілі, каб зняць тое прапагандысцкае відэа. І ілжывыя абяцанні, што яна зможа ўбачыць сваіх дзяцей, якіх не бачыла тры з паловай гады. І ўрэшце, як удар пад дых, новая крымінальная справа і новы этап. Мы не ведаем, што з Палінай здарылася ў траўні ў калоніі перад этапам, але ў СІЗА яна прыехала амаль без рэчаў. Магчыма, ёй сказалі, што вязуць вызваляць”, — адзначыў мужчына.

“Але Паліна вытрымала, — дадаў ён. — У стомленым ад катаванняў целе трымаецца дух свабоды і любові. І гэта дапамагае ёй выжыць. Паліна працягвае барацьбу за гонар і годнасць, барацьбу за жыццё і свабоду”.

21 траўня стала вядома, што на Шарэнда-Панасюк завялі трэцюю крымінальную справу.

Паведамлялася, што яе зноў абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Раней праваабаронцы паведамлялі, што запланаваны тэрмін вызвалення Шарэнда-Панасюк — 21 траўня.

Паводле даных праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, 2 траўня суд Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць) устанавіў за палітзняволенай прэвентыўны нагляд. Гэтая мера прадугледжвае назіранне органаў унутраных спраў за тым, як вызваленая з месцаў пазбаўлення волі асоба выконвае часовыя абмежаванні і выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі.

22 сакавіка стала вядома, што жанчына звярнулася з прашэннем аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв’ю дзяржтэлеканалу “Беларусь 1”.

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) КК.

У красавіку 2022 года палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкула.

21 сакавіка Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы падобны выпадак па справах супраць Беларусі.

Раней муж, які знаходзіцца з дзецьмі ў эміграцыі, паведамляў, што Шарэнда-Панасюк “мінімум 32 разы змяшчалася ў нечалавечыя ўмовы” штрафнога ізалятара і карцара, а яшчэ “каля 150 дзён” правяла ў памяшканні камернага тыпу.

Падзяліцца: