Мінск 02:11

Беларусь прыгразіла Украіне “ўсімі сіламі і сродкамі” ў выпадку правакацый у паветры

Фота: прэс-служба Міністэрства абароны

29 чэрвеня, Позірк. “Абстаноўка ў паветранай прасторы напружаная”, — заявіў 29 чэрвеня начальнік упраўлення зенітных ракетных войскаў камандавання ВПС і СПА Беларусі Андрэй Севярынчык, характарызуючы сітуацыю на мяжы з Украінай.

“Апошнім часам мы фіксуем рэзкае павелічэнне колькасці палётаў беспілотных лятучых апаратаў, якія вядуць выведку ў прыгранічных раёнах тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — цытуе военачальніка прэс-служба Міністэрства абароны. — Адзначаецца пастаяннае парушэнне дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы нашай дзяржавы”.

Паводле яго слоў, не заўсёды можна адкрыта распавесці пра ўсе факты, але “ніводнае парушэнне не застаецца без уздзеяння”.

Севярынчык сцвярджае, што ва ўкраінскіх войскаў на мяжы з Беларуссю маюцца не толькі дроны-выведнікі, але і беспілотнікі “з магчымасцю нанясення паражэння ў глыбіню” Беларусі. “Нягледзячы на тое што ўкраінскія фарміраванні зазнаюць праблемы са сродкамі супрацьпаветранай абароны на іншых кірунках, адзначана назапашванне сіл СПА ў Жытомірскай вобласці”, — дадаў ён.

На гэтым фоне, паведаміў военачальнік, Беларусь павялічыла на поўдні сілы і сродкі выведкі, праводзіцца радыёлакацыйная выведка, разгорнутыя падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы.

“Таксама нарошчана сістэма пастоў візуальнага назірання з адной мэтай — забеспячэнне інфармацыяй агнявых падраздзяленняў зенітных ракетных войскаў і войскаў СПА аператыўных камандаванняў, якія стаяць на баявым дзяжурстве, — сказаў ён. — З гэтай мэтай дадаткова выведзеныя сілы і сродкі СПА ў прызначаныя раёны для прыкрыцця паўднёвых рубяжоў, а таксама крытычна важных аб’ектаў Рэспублікі Беларусь”.

Дзяжурныя экіпажы авіяцыі кругласутачна патрулююць мяжу, паведаміў Севярынчык.

“Хацелася папярэдзіць і астудзіць гарачыя галовы тых, хто спрабуе ўцягнуць нашу краіну ва ўзброены канфлікт. Мы гатовыя рашуча выкарыстаць усе існыя сілы і сродкі для абароны сваёй тэрыторыі, насельніцтва Рэспублікі Беларусь ад магчымых правакацый у паветранай прасторы”, — заявіў ён.

29 чэрвеня тэлеканал АНТ абнародаваў фрагмент інтэрв’ю начальніка Генштаба — першага намесніка міністра абароны Паўла Муравейкі, які заявіў, што ў апошнія тыдні Беларусь назірае “пакуль нічым не абгрунтаваную і пакуль незразумелую актыўнасць” паблізу мяжы з Украінай.

Паводле яго слоў, сярод іншага ў горад Оўруч у Жытомірскай вобласці Украіны “прыбылі падраздзяленні спецыяльнага прызначэння 1-й прэзідэнцкай брыгады”. Беларусь у гэтай сітуацыі “вымушаная перамяшчаць” на мяжу “падраздзяленні, уступаць ва ўзаемадзеянне з органамі пагранічнай службы, нарошчваць асобныя кірункі і рыхтавацца да прыкрыцця, а таксама рухаць часам артылерыю для таго, каб своечасова быць здольнымі адрэагаваць”.

“Не хацелася б, каб наша паўднёвая суседка павялася на нечыя загады і паспрабавала выпрабаваць беларусаў на зуб”, — заявіў Муравейка.

Абвастрэнне абстаноўкі на беларуска-ўкраінскай мяжы адбылося 20 чэрвеня. У той дзень Дзяржпагранкамітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе на мяжы цяжкае ўзбраенне. 21 чэрвеня ў Беларусі пачалася праверка войскаў з выхадам часцей і падраздзяленняў на палігоны і ўчасткі мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Украінскія ўлады пацвердзілі, што нарошчваюць абарону на мяжы з Беларуссю, але адпрэчылі абвінавачанні ў правакацыях.

28 чэрвеня Дзяржпагранкамітэт заявіў пра актывізацыю ўкраінскай выведкі, знаходжанне ў паласе адказнасці Жытомірскага памежнага атрада (тэрыторыя мяжуе з Гомельскай вобласцю) падраздзяленняў “Рускага добраахвотніцкага корпуса”, выяўленне ў прыграніччы тайніка з выбухоўкай.

Праз некалькі гадзін Мінабароны абвясціла пра вывядзенне дывізіёна рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Паланэз” з поўным боекамплектам — у сувязі са “складанай абстаноўкай паблізу ад дзяржаўнай мяжы”.

Падзяліцца: