Мінск 15:27

За суткі ў Беларусі патанулі чатыры чалавекі, у тым ліку аднагадовае дзіця, у Мазыры ў рацэ Прыпяць шукаюць падлетка

Рака Прыпяць у Мазыры
Фота: bestbelarus.by

30 чэрвеня, Позірк. За мінулыя аператыўныя суткі (з 06:00 да 06:00) у Беларусі на вадзе загінулі чатыры чалавекі, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Дзіця 2023 года нараджэння патанула ў аграгарадку Млынок Ельскага раёна (Гомельская вобласць). Удакладняецца, што ўтапленне адбылося на тэрыторыі прыватнага домаўладання ў надзіманым дзіцячым басейне (дыяметр 1,8 м, вышыня 45 см).

“Хлопчык выняты з вады бацькамі, смерць канстатаваная брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пенсіянер 1961 г.н. патануў у возеры Аляксандраўскае каля вёскі Аляксандраўка Жлобінскага раёна (Гомельская вобласць).

У рацэ Рыбчанка каля вёскі Раёўка Маладзечанскага раёна (Мінская вобласць) супрацоўнікамі МНС знойдзенае цела мужчыны 1979 г.н.

Мужчына 1951 г.н. выняты з возера Нарач каля вёскі Чараўкі Мядзельскага раёна (Мінская вобласць).

Акрамя гэтага, ведамства паведамляе аб знікненні ў Мазыры (Гомельская вобласць) падлетка 2009 г.н.

Аб выяўленні на беразе ракі Прыпяць яго асабістых рэчаў стала вядома 30 чэрвеня ў 00:57.

“Для пошукавых работ задзейнічана 8 адзінак тэхнікі і 18 чалавек, з іх 6 адзінак тэхнікі і 13 работнікаў МНС. Хлопчык не знойдзены, пошукі працягваюцца”, — адзначылі ў міністэрстве.

На прэс-канферэнцыі 12 чэрвеня спікер МНС Яўген Бараноўскі паведаміў, што з пачатку купальнага сезона, які афіцыйна пачаўся 1 траўня, у Беларусі на водах загінула 50 чалавек, з іх чацвёра дзяцей.

Ён акцэнтаваў увагу на адказнасці бацькоў за бяспеку дзяцей, рэгламентаваную пастановай Саўміна ад 18 жніўня 2023 года № 543 “Аб ахове жыцця людзей на водах”, якая забараняе дзецям да 14 гадоў наведваць вадаёмы без суправаджэння дарослых, а дзяцей да шасці гадоў рэкамендаваў “трымаць на адлегласці выцягнутай рукі, не выпускаць з віду”.

“Дзеці тонуць моўчкі <…>, хутка сыходзяць пад ваду, часам нават незаўважна для навакольных, нават калі там ёсць шмат людзей якія плаваюць побач”, — канстатаваў ён.

Паводле звестак ТРВОД, у 2023 годзе ў Беларусі патанула 339 чалавек — на 12,2% менш, чым у 2022-м.непаўналетніх загінула на вадзе 21 — годам раней 25 (-16%).

Паведамлялася, што 55,2% загінулых (187 чалавек, у тым ліку два падлеткі) знаходзілася ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

Падзяліцца: