Мінск 06:39

Пачаўся суд над службовымі асобамі па справе аб забойстве трохгадовага дзіцяці ў Слуцку

Фота: "Позірк"

1 ліпеня, Позірк. Суд Мінскага раёна пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да начальніка Інспекцыі па справах непаўналетніх (ІСН) слуцкага РАУС Аляксандра Дзядка і следчага слуцкага РАСК Арцёма Галавінскага, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна“.

Дзядка абвінавачваюць паводле арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы), Галавінскага — паводле арт. 428 КК (службовая халатнасць).

Паводле версіі абвінавачвання, неналежнае выкананне падсуднымі сваіх абавязкаў прывяло да працяглых здзекаў у Слуцку над трохгадовым Сямёнам Таратутам і ў выніку пацягнула яго забойства бацькамі.

Аб завядзенні справы ў дачыненні да службовых асоб, у абавязкі якіх уваходзіла праца па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, стала вядома 19 кастрычніка 2023 года пасля вынясення прысуду бацькам дзіцяці.

Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку 19 кастрычніка вынес смяротны прысуд Аляксандру Таратуце. Маці дзіцяці Анастасія Таратута прыгавораная да 25 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

37-гадовую жанчыну і 48-гадовага мужчыну прызналі вінаватымі паводле ч. 2 арт. 154 (наўмыснае прычыненне працяглага болю, пакут спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты, сістэматычнае нанясенне пабояў (катаванне), здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане і ў залежным становішчы) і п. 2, 6, 15 ч. 2 арт. 139 (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), заведама малалетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, групай асоб) КК.

Паводле даных следства, у студзені 2023 года бацькі не менш за 14 разоў ударылі дзіця. Калі хлопчык быў ужо мёртвы, яны выклікалі хуткую дапамогу. Сцвярджаецца, што мужчына і жанчына збівалі дзіця за дрэнныя паводзіны, ён быў знясілены: на момант смерці яго вага складала 7 кг.

Пасля смерці хлопчыка Таратут пазбавілі бацькоўскіх правоў. Сям’я не была прызнанай у сацыяльна-небяспечным становішчы (СНС).

На фоне забойства Сямёна Таратуты, а затым задушэння маці чатырох сваіх дзяцей у лютым 2024 года ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) сацыяльныя службы актывізаваліся. Перыядычна з’яўляюцца паведамленні аб канфіскацыі дзяцей з сем’яў і прызнання іх у СНС.

У снежні 2023 года ў Беларусі змянілі правілы прызнання дзяцей у СНС. Напрыклад, у СНС могуць уключыць дзяцей, якія выхоўваюцца ў сем’ях, дзе абодва бацькі афіцыйна не працаўладкаваныя.

У СНС маюць права ўключыць на падставе палітычнага пераследу: калі бацька быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за “прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі” (арт. 19.10 КаАП); “распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць” (19.11 КаАП); “незаконны выраб і (або) распаўсюд методык альбо іншых матэрыялаў пра спосабы вырабу выбуховых прылад і выбуховых рэчываў” (19.12 КаАП).

Падзяліцца: