Мінск 10:57

Беларусь ды Індыя правядуць у Мінску міжурадавую сустрэчу па шырокім спектры пытанняў

Фота: прэс-служба МЗС Беларусі

3 ліпеня, Позірк. Правесці найбліжэйшым часам у Мінску 12-е пасяджэнне міжурадавай камісіі па супрацы ў галіне эканомікі, гандлю, прамысловасці, навукі, тэхналогій і культуры дамовіліся міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і яго індыйскі калега Субраманіям Джайшанкар.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, сустрэча чыноўнікаў адбылася 3 ліпеня перад самітам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у Астане.

Адначасова з пасяджэннем камісіі плануецца правесці “мерапрыемствы для дзелавых колаў дзвюх краін”.

Міністры таксама абмеркавалі “ўзаемадзеянне ў рамках ШАС”, абмяняліся думкамі па “ключавых пытаннях двухбаковага парадку дня з акцэнтам на гандлёва-эканамічную супрацу і падрыхтоўку кантактаў на найвышэйшым і высокім узроўні”.

Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы 4 студзеня экс-старшыню канцэрна “Беллеспаперапрам” Міхаіла Касько амбасадарам у Індыі, заявіў, што стасункі паміж краінамі “дэградавалі”.

13 сакавіка ў Нью-Дэлі папярэднік Рыжанкова Сяргей Алейнік перадаў Джайшанкару пасланне Лукашэнкі на адрас прэм’ер-міністра Нарэндры Модзі пра “беларуска-індыйскія стасункі і шляхі іх развіцця”.

Праз два тыдні, 27 сакавіка, Касько ўручыў даверчыя граматы індыйскаму прэзідэнту Драўпадзі Мурму. Бакі “падкрэслілі ўзаемны інтарэс <…> да больш шчыльнай супрацы ў эканамічнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і культурнай сферах”.

На наступны дзень у Варшаве намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка абмеркаваў з амбасадарам Індыі ў Польшчы Нагмай Махамед Малік сітуацыю ў Беларусі і праблемы, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі. Палітык перадаў дыпламату матэрыялы пра “сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, здзейсненыя рэжымам Лукашэнкі злачынствы супраць чалавечнасці, незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь, парушэнні правоў работнікаў на беларускіх прадпрыемствах, ролю рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі РФ супраць Украіны”. Латушка папрасіў Малік накіраваць гэтыя матэрыялы ў МЗС Індыі.

Лукашэнка, віншуючы 10 чэрвеня Модзі з перамогай на парламенцкіх выбарах, заявіў, што Мінск “поўны рашучасці вывесці двухбаковы дыялог” з Нью-Дэлі на “ўзровень стратэгічнага партнёрства”.

Паводле даных амбасады Беларусі ў Індыі, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 566,6 млн долараў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн долараў, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн. Даныя пра гандаль за 2022 і 2023 гады не прыводзяцца.

Беларусь адпраўляла ў Індыю калійныя ўгнаенні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампаненты для аўтамабільнай прамысловасці, цэлюлозу, шкловалакно, лён, сінтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяванне і прыборы ды інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчавання ды іншыя тавары.

Падзяліцца:
be