Мінск 14:06

Універсітэт Даўгаўпілса вылучыў бюджэтныя месцы ў магістратуры для беларусаў

Крыніца: Універсітэт Даўгаўпілса

4 ліпеня, Позірк. Дамоўленнасць аб вылучэнні некалькіх бюджэтных месцаў у магістратуру па спецыяльнасці “эканоміка”, куды беларусы змогуць паступаць ужо з гэтага года, дасягнута падчас перамоў дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай з кіраўніцтвам Універсітэта Даўгаўпілса, паведаміла прэс-служба палітыка.

Ціханоўская ўзгадала пра стасункі ўніверсітэта з Беларуссю і гісторыю яго супрацоўніцтва з айчыннымі ВНУ — да 2020 года кааперацыі ладзіліся ў Віцебску, Мінску, Гродне. 

Дэмлідар папрасіла аднавіць супрацоўніцтва з беларускімі выкладчыкамі і супрацоўнікамі ўніверсітэтаў, якія знаходзяцца ў выгнанні: “Важна працягваць працу з людзьмі, захоўваць сувязь між народамі, нягледзячы на тое, што рэжым спрабуе нас падзяляць”.

Па выніках сустрэчы ўніверсітэт выказаў гатоўнасць прадаставіць ім абсталяванне ўніверсітэта для даследаванняў.

Таксама была дасягнута дамоўленнасць пра “спрошчанае стаўленне да апастылізацыі дакументаў”. 

Сустрэча ва Ўніверсітэце Даўгаўпілса адбылася ў межах распачатага 4 ліпеня працоўнага візіту Ціханоўскай ў Латвію.

Даўгаўпілскі ўніверсітэт заснаваны ў 1921 годзе і сёння з’яўляецца найбуйнейшым рэгіянальным дзяржаўным універсітэтам у Латвіі. Цяпер ва ўніверсітэце навучаецца больш за 2,2 тыс. студэнтаў з розных краін, паведамляецца на сайце ўстановы.

Падзяліцца: