Мінск 05:29

Польшча разлічвае прыцягнуць нямецкіх, грэчаскіх і фінскіх сілавікоў да аховы мяжы з Беларуссю

Крыніца: eastnews.pl

4 ліпеня, Позірк. Варшава разлічвае на дапамогу замежных памежнікаў і паліцэйскіх пры патруляванні мяжы з Беларуссю, паведамляе Reuters са спасылкай высокапастаўленага польскага чыноўніка.

Гаворка пра прадстаўнікоў адпаведных структур з Германіі, Грэцыі і Фінляндыі.

“Падрыхтоўка ідзе поўным ходам, і гэта краіны, якія маюць вялікі вопыт у ахове межаў. Асабліва, напрыклад, грэцкі досвед [супрацьдзеяння незаконнай міграцыі праз мяжу з Турцыяй] можа быць вельмі карысны”, — прыводзіць агенцтва словы згаданага чыноўніка.

Адзначаецца, што памежнае агенцтва Еўрасаюза Frontex фіксуе павелічэнне амаль удвая з пачатку года колькасці мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС праз усходнюю мяжу.

“У апошнія месяцы афіцыйныя асобы Польшчы і Фінляндыі папярэджвалі, што колькасць людзей, якія спрабуюць перасекчы мяжу праз Беларусь або Расію, можа значна ўзрасці ў найбліжэйшай будучыні”, — гаворыцца ў публікацыі.

Сцвярджаецца, што Варшава спадзяецца падняць тэму міграцыйнага крызісу на маючым адбыцца на наступным тыдні саміце НАТО ў Вашынгтоне.

3 ліпеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Беларусь “дасылае сотні мігрантаў з расійскімі візамі”, фактычна ўручную кантралюючы колькасць тых, хто спрабуе перайсці мяжу нелегальна.

Бываюць месяцы, “калі колькасць мігрантаў раўняецца нулю”, а бывае, што мяжу спрабуе перайсці “300–400 чалавек у дзень”, сказаў ён.

Толькі ад Мінска залежыць, якімі будуць яго добрасуседскія адносіны з Польшчай, падкрэсліў Сікорскі ў кантэксце магчымага закрыцця Варшавай мяжы з Бееларуссю. “Нашы базавыя патрабаванні — каб на волю выйшаў Анджэй Пачобут і спыніліся сілавая перакідка мігрантаў”, — дадаў міністр.

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк у інтэрв’ю Polsat News 3 ліпеня не выключыў розных варыянтаў развіцця падзей на мяжы з Беларуссю, адзначыўшы, што пры іх прыняцці Польшча будзе арыентавацца на свае “ўнутраныя інтарэсы”.

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці, у чарговы раз заявіў, што нелегальныя мігранты ідуць у Еўрасаюз, таму што іх туды “паклікалі”, у Беларусі іх “лавіць не будуць”.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона, пакуль тэрмін вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і ЕС працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

З пачатку гэтага года краіны ЕС спынілі 23,2 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі, у тым ліку Польшча — больш за 20 тыс., Латвія — крыху менш за 3 тыс., Літва — каля 250.

Падзяліцца: