Мінск 21:02

У Мінабароны бачаць “высокую верагоднасць узброеных правакацый” на тэрыторыі Беларусі

Фота: Мінабароны

5 ліпеня, Позірк. Знаходжанне падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ў “непасрэднай блізкасці” ад мяжы Беларусі з’яўляецца “адным з этапаў своечасовай падрыхтоўкі да магчымага вываду дыверсійных груп” на тэрыторыю краіны, заявіў 5 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Уладзімір Купрыянюк на брыфінгу ў Мінску.

“У цэлым ва ўмовах нарошчвання прысутнасці падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, наймітаў і розных добраахвотніцкіх фарміраванняў у прыгранічных раёнах захоўваецца высокая верагоднасць падрыхтоўкі і правядзення на нашай тэрыторыі ўзброеных правакацый, а таксама рэзанансных акцый”, — цытуе Купрыянюка прэс-служба Мінаброны.

Паводле яго сцвярджэння, на заходнім напрамку “непасрэдна паблізу” межаў Беларусі адзначаецца “сістэмнае нарошчванне кааліцыйных сіл НАТО”.

На тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі разгорнута 10 шматнацыянальных баявых тактычных груп агульнай колькасцю звыш 11 тыс. чалавек, сказаў Купрыянюк.

Абстаноўку на паўднёвай мяжы Беларусі ён назваў “складанай і напружанай”.

“Яшчэ некалькі гадоў таму для аховы ўкраінска-беларускага ўчастка дзяржаўнай мяжы прыцягваліся выключна штатныя сілы і сродкі дзяржаўнай памежнай службы Украіны колькасцю каля 4,5 тыс. вайскоўцаў. Аднак ужо з другой паловы 2020 года паблізу нашай мяжы мы фіксавалі павелічэнне прысутнасці за кошт задзейнічання разведвальных падраздзяленняў разведкі, фарміраванняў тэрытарыяльных войскаў, а таксама іншых сілавых структур Украіны, колькасць якіх да пачатку 2022 года дасягнула 8 тыс.”, — заявіў прадстаўнік Генштаба.

Купрыянюк сцвярджае, што яны вялі разведку прыгранічнай тэрыторыі.

Паводле ацэнкі Мінаброны, агульная групоўка войскаў “Поўнач”, у зону адказнасці якой уваходзіць участак украінска-беларускай граніцы, налічвае больш як 115 тыс. ваеннаслужачых, у тым ліку непасрэдна паблізу граніцы Беларусі — да 15 тыс.

У прыгранічных раёнах ведамства фіксуе перамяшчэнне цяжкай тэхнікі, у тым ліку танкаў, артылерыйскіх сістэм і сродкаў СПА, “не зніжаецца інтэнсіўнасць правакацыйных і дэманстратыўных дзеянняў з боку ўкраінскіх фарміраванняў, у тым ліку з задзейнічаннем беспілотнай авіяцыі”, якая “неаднаразова парушала дзяржаўную мяжу Беларусі”, — сказаў Купрыянюк.

Ён абвінаваціў Украіну ў тым, што “гэтыя дзеянні маюць не толькі разведвальныя мэты, але і спробы закіду на нашу тэрыторыю выбуховых рэчываў і іншых матэрыяльна-тэхнічных сродкаў для забеспячэння магчымых дзеянняў дыверсійнай накіраванасці”.

“Разам з саюзнікамі мы будзем рэагаваць на любыя спробы правакацыйных дзеянняў. Выказваю ўпэўненасць, што здаровы сэнс пераможа”, — заявіў прадстаўнік Генштаба.

Узброеныя сілы “выконваюць задачы па ўзмацненню аховы паўднёвай мяжы”, сказаў Купрыянюк. Для прыкрыцця асноўных дарожных напрамкаў спланаваны манеўраныя дзеянні агульнавайсковых падраздзяленняў пры падтрымцы ракетных войскаў і артылерыі, а таксама баявой авіяцыі, удакладніў ён.

“У інтарэсах супрацьпаветранай абароны важных дзяржаўных і ваенных аб’ектаў нарошчаны дзяжурныя сілы па СПА, а таксама разгорнуты дадатковыя падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы”, — растлумачыў Купрыянюк.

Паводле яго слоў, шырока задзейнічаецца беспілотная авіяцыя, наземныя сістэмы назірання і кантролю.

Абвастрэнне абстаноўкі на беларуска-ўкраінскай мяжы адбылося 20 чэрвеня. У той дзень Дзяржпагранкамітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе на мяжы цяжкае ўзбраенне. 21 чэрвеня ў Беларусі пачалася праверка войскаў з выхадам часцей і падраздзяленняў на палігоны і ўчасткі мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Украінскія ўлады пацвердзілі, што нарошчваюць абарону на мяжы з Беларуссю, але адмялі абвінавачанні ў правакацыях.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, называючы яе “спецыяльнай ваеннай аперацыяй”.

На першапачатковым этапе ўварвання беларуская тэрыторыя актыўна выкарыстоўвалася для ўводу войскаў, а таксама абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што падтрымлівае РФ у яе дзеяннях.

Падзяліцца: