Мінск 20:13

Стрыжак: З вызваленых палітвязняў цяжкі стан здароўя толькі ў Кастусёва

Фота: "Позірк"

5 ліпеня, Позірк. Сярод тых палітвязняў, якія былі датэрмінова вызваленыя за апошнія дні, пра цяжкі стан здароўя вядома толькі ў Рыгора Кастусёва, паведаміў у сваім тэлеграм-канале 5 ліпеня сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак.

Паводле яго інфармацыі, тэрміны, якія заставалася адбыць тым, аб чыім вызваленні вядома, такія: пяць чалавек — у межах месяца; тры чалавекі — у межах года; пяць чалавек — паўтара-двух гадоў; адзін чалавек — двух-трох гадоў; адзін (Кастусёў) — больш за шэсць гадоў.

“Інфармацыя аб тым, што на волю выпускаюць найбольш хворых і старых, не адпавядае рэчаіснасці і з’яўляецца часткай дзяржаўнай прапаганды”, — падкрэсліў сузаснавальнік фонду BySol.

Стрыжак таксама паведаміў, што на дадзены момант яму вядомыя 15 прозвішчаў палітычных зняволеных, якія трапілі пад датэрміновае вызваленне, а таксама адно “не пацверджанае”. Раней аб 16 вызваленых паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Сярод іх тры жанчыны і 13 мужчын. Паводле даных “Вясны”, частка палітвязняў вызвалілася ў выніку памілавання, частка — па амністыі.

Узгадваецца выхад на волю анкахворага Кастусёва. Імёны іншых вызваленых па-ранейшаму не называюцца “для бяспекі вязняў”.

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых апанентаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі, які аднак, паводле зместу, не распаўсюджваецца на асоб з “экстрэмісцкіх спісаў”.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 4 ліпеня ў Астане (Казахстан) выказаў пажаданне, каб амністыя, у выніку якой было вызвалена некалькі палітвязняў, стала “крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі”. Ён выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, паведаміла ААН.

Да вызвалення ўсіх палітвязняў заклікалі ЗША і ЕС.

Падзяліцца: