Мінск 20:18

Новы амбасадар у РФ, як і яго папярэднік, атрымаў статус віцэ-прэм’ера

Аляксандр Рагожнік (справа)
Крыніца: Мінпрам

8 ліпеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 8 ліпеня надзяліў новага амбасадара ў РФ Аляксандра Рагожніка статусам віцэ-прэм’ера па пытаннях дзейнасці Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы і адносін з Расіяй.

Як зазначае прэс-служба Лукашэнкі, дыпламат акрамя выканання непасрэдных абавязкаў будзе паўнамоцным прадстаўніком пры Эканамічным савеце Садружнасці Незалежных Дзяржаў, спецыяльным прадстаўніком па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, СНД і АДКБ па сумяшчальніцтве.

Рагожнік будзе ажыццяўляць “каардынацыю дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду, прадстаўнікоў Беларусі ў органах Саюзнай дзяржавы, даваць ім абавязковыя для выканання ўказанні і кантраляваць іх рэалізацыю”.

Дыпламат “нясе персанальную адказнасць за прасоўванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў Саюзнай дзяржаве і адносінах з Расіяй”. Такія ж паўнамоцтвы былі ў папярэдніка Рагожніка Дзмітрыя Крутога.

8 ліпеня МЗС РФ паведаміў аб уручэнні Рагожнікам копій даверчых грамат намесніку міністра Міхаілу Галузіну. “Была выказана надзея на працяг прадуктыўнага таварыскага ўзаемадзеяння паміж беларускай дыпмісіяй і МЗС Расіі. Былі разгледжаны актуальныя пытанні расійска-беларускага супрацоўніцтва, будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і двухбаковай знешнепалітычнай каардынацыі, а таксама графік кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях. Пацверджаны ўзаемны настрой на паступальнае ўмацаванне сувязей па ўсім спектры двухбаковых адносін”, — гаворыцца ў паведамленні расійскага знешнепалітычнага ведамства.

Лукашэнка прызначыў міністра прамысловасці Рагожніка амбасадарам 27 чэрвеня. Свой выбар ён патлумачыў тым, што “ў асноўным перспектыва працы Беларусі з Расіяй — гэта тыя праекты, якія ляжаць у сферы прамысловасці”.

На Крутога, які прызначаны кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі, ускладзены кантроль дзейнасці на расійскім напрамку: “Дзе трэба — падключайце ўрад, дзе трэба — варушыце амбасадара. Рагожнік папярэджаны аб актыўнасці на расійскай прасторы. Таму што галоўная характарыстыка, якой я валодаю, цяперашняга амбасадара — Дзмітрыя Крутога — ён сабе спакою не дае, кідаецца па ўсёй Расіі як працаголік”, — сказаў Лукашэнка.

Прымаючы 2 ліпеня з дакладам былога і цяперашняга амбасадара, ён адзначыў: “Амбасадар быў спецыяльна падвышаны да ўзроўню віцэ-прэм’ера, каб вы маглі сустракацца ва ўрадзе [РФ] практычна з любым чыноўнікам, любым дзяржаўным служачым”.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў лістападзе 2021 года Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт, якім зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. З таго часу беларускія і расійскія чыноўнікі рэгулярна даюць справаздачу аб паспяховым выкананні гэтых дакументаў.

Падзяліцца: