Мінск 14:50

З 2025 года ў Беларусі павялічацца дзіцячыя дапамогі

Ілюстрацыйнае фота: Marcel Fagin / unsplash.com

9 ліпеня, Позірк. Павелічэнне грашовых выплат прадугледжана законам “Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”. 9 ліпеня дакумент падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Закон набудзе моц 1 студзеня 2025 года.

У адпаведнасці з дакументам павялічваецца мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах. Для жанчын без шасцімесячнага стажу працы, за якіх выплачваюцца ўнёскі ў Фонд сацабароны насельніцтва (ФСАН), гэта дапамога вырасце з 50% бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) да 100% мінімальнай заработнай платы (МЗП) на месяц.

У Беларусі БПМ пералічваецца раз на квартал, з 1 траўня гэты паказчык у сярэднім на душу насельніцтва складае 418,73 рубля. МЗП ўсталёўваецца на год наперад, на 2024-ы яна вызначаная на ўзроўні 626 рублёў.

Для жанчын, якія не выплачваюць унёскі ў ФСАН, але маюць права на вышэйзгаданую дапамогу (навучэнцы, студэнткі, вайскоўцы, беспрацоўныя), выплаты павялічацца з 50 да 100% БПМ.

З 50% БПМ да 100% МЗП вырасце дапамога па часовай непрацаздольнасці па догляду дзіцяці для застрахаваных жанчын, якія не маюць шасці месяцаў стажу.

Абноўлены закон дазваляе працягваць выплачваць дапамогу на дзяцей, якім больш за 3 гады, сем’ям, у якіх дзіця-інвалід дасягнула паўналецця, яму нададзена I група інваліднасці, адзін з бацькоў “ажыццяўляе за ім догляд з атрыманнем адпаведнай дапамогі”.

Акрамя таго, бацькі атрымліваюць права на ўсе віды дзярждапамог у перыяд “кароткатэрміновага знаходжання дзіцяці-інваліда ў доме дзіцяці ў сувязі з аказаннем яму медыка-сацыяльнай дапамогі” ды інш.

Арганізацыі, якія прызначаюць і выплачваюць дапамогу, згодна з дакументам, абавязаныя без згоды грамадзян перадаваць інфармацыю пра атрымальнікаў дапамог і членаў іх сем’яў на запыт камісій па справах непаўналетніх, а таксама ўстаноў адукацыі, якія праводзяць сацыяльнае расследаванне.

Лукашэнка таксама падпісаў закон “Аб змене законаў па пытаннях рэгулявання шлюбных і сямейных стасункаў”. Гэты дакумент замацоўвае за дзяржорганамі паўнамоцтвы па кантролі за выкананнем мер дзяржаўнай абароны дзяцей. Усталёўваецца “дакладны механізм адабрання дзіцяці” паводле рашэння камісіі па справах непаўналетніх, а таксама адзіныя патрабаванні да зместу і афармлення такіх рашэнняў.

Абноўлены закон дае магчымасць перадаваць жылыя памяшканні (долі ў праве ўласнасці на іх) ва ўласнасць дзіцяці ў кошт выплаты аліментаў пры заключэнні пагаднення бацькамі.

Акрамя таго, ён абавязвае беларускіх грамадзян паведамляць “кампетэнтным органам” пра рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану ў дачыненні да сябе і сваіх непаўналетніх дзяцей у замежных дзяржавах.

Падзяліцца: