Мінск 05:50

МУС Польшчы замарозіла актывы заснаванай беларусамі кампаніі — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

10 ліпеня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы на патрабаванне падатковых службаў краіны замарозіла актывы і ўвяло забарону на дзейнасць польскай кампаніі Tradeservice, заснаванай грамадзянамі Беларусі Аляксандрам Дубінай і Юрыем Шпілеўскім, за садзейнічанне абыходу санкцый Еўрасаюза у дачыненні да Расіі, адзначаецца ў артыкуле выдання Rzeczpospolita.

У матэрыяле сцвярджаецца, што афіцыйна Tradeservice ужо амаль два гады экспартуе раскошныя аўтамабілі і матацыклы з Польшчы ў Беларусь, але на справе, як было ўстаноўлена Нацыянальнай падатковай адміністрацыяй (НПА) краіны, яны трапляюць да багатых пакупнікоў з Расіі. “Аўтамабілі былі ідэнтыфікаваныя ў расійскіх рэестрах як тыя, што выкарыстоўваюцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Аўтамабілі маюць расійскія нумары. Раней большасць з вышэйпералічаных (у інфармацыі падатковай адміністрацыі. — “Позірк”.) транспартных сродкаў былі задэклараваныя да ўвазнога мытнага афармлення на беларускім баку, аднак большая частка з іх не была зарэгістраваная на тэрыторыі Беларусі”, — зафіксавалі польскія падатковыя службы.

Паводле іх звестак, адзначаецца ў артыкуле, санкцый, уведзеных у дачыненні да Расіі, дапамагала пазбягаць і створаная ў жніўні 2022 года Варшаўская кампанія Rs Pro, якая экспартуе тавары падвойнага прызначэння і высокатэхналагічную прадукцыю ў РФ праз арганізацыі з Азербайджана і Ганконга.

На гэтыя тавары накладзенае эмбарга, паколькі яны выкарыстоўваюцца ў расійскіх вайсковых сістэмах, выяўленых на полі бою ва Украіне. Да сёлетняга красавіка кампанія належала Ірыне і Андрэю Рыбак, цяпер яе ўладальнікамі з’яўляюцца Ілля і Юлія Немчанка, якія не паказваюць сваё грамадзянства ў Нацыянальным судовым рэестры, аднак, як лічыць reform.news, зыходзячы з напісання імёнаў (Illia і Yuliya Nemchanka), гэта таксама грамадзяне Беларусі.

У артыкуле адзначаецца, што пераслед кампаній, якія абыходзяць абмежаванні Еўрасаюза ў дачыненні да Расіі і Беларусі, з’яўляецца вынікам паправак да шэрагу законаў, якія былі ўнесеныя сёлета ўсімі краінамі ЕС, уключаючы Польшчу. У адпаведнасці з імі НПА атрымала новыя паўнамоцтвы, у тым ліку па адсочванні месцазнаходжання задэклараваных тавараў, вывезеных з краіны.

Цяпер прадпрымальнікі павінны гарантаваць мытным органам, што экспартаваныя імі тавары, якія ідуць транзітам праз Расію ці Беларусь, не падлягаюць рэалізацыі ў гэтых краінах. Мытныя і падатковыя органы могуць канфіскаваць тавары, якія парушаюць палажэнні санкцый, і запатрабаваць іх канфіскацыі ў Дзяржаўнае казначэйства, а кіраўнік НПА — накласці штраф у памеры да 20 млн злотых (каля 5 млн долараў ЗША) за невыкананне абмежаванняў.

29 чэрвеня Еўрапейскі саюз прыняў новы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі. Спіс тавараў, забароненых у адпаведнасці з ім да паставак з ЕС у Беларусь, утрымлівае некалькі сотняў пазіцый.

Падзяліцца: