Мінск 08:37

Мінэнерга паведаміла аб аднаўленні электразабеспячэння ў Мазыры

Крыніца: Мінэнерга

16 ліпеня, Позірк. Аб аднаўленні электразабеспячэння ў Мазыры (Гомельская вобласць) паведаміла 16 ліпеня прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

“Электраэнергія паступае прамысловым спажыўцам і ў жылфонд. Святло вярнулася ў большасць шматкватэрных дамоў Мазыра. У цяперашні час энергетыкі завяршаюць працы ў прыватным сектары горада”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Адзначаецца, што супрацоўнікі Мінэнерга прымаюць меры “для хутчэйшага аднаўлення электразабеспячэння ўсіх спажыўцоў”.

Мазыр стаў адным з найбольш пацярпелых ад непагадзі 14–15 ліпеня населеных пунктаў Гомельскай вобласці.

Праз наступствы ўраганнага ветру 15 ліпеня ў рэгіёне ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Як адзначаў днём 15 ліпеня тэлеграм-канал абласной адміністрацыі, зафіксавана 457 выпадкаў пашкоджання дахаў жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў, 114 сельскагаспадарчых будынкаў у 249 населеных пунктах 15 раёнаў і Гомеля.

Паводле слоў першага намесніка старшыні аблвыканкама Андрэя Бараноўскага, праз адсутнасць электрычнасці спынілі працу Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ) і прадпрыемства “Мазырсоль”.

Энергасістэма Беларусі “раней не сустракалася з сітуацыяй”, падобнай да той, якая ўзнікла ў выніку ўраганнага ветру 14 ліпеня, заявіў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак.

Паводле яго слоў, да сярэдзіны дня 16 ліпеня была адноўленая палова пашкоджаных высакавольтных ліній электраперадачы.

Чыноўнік звярнуў увагу на тое, што вецер быў “анамальнай сілы”. “Мы страцілі амаль усе генеравальныя магутнасці і энергазабеспячальныя лініі рэгіёна Мазыра і прылеглых раёнаў, — канстатаваў ён. — Штармавы вецер прывёў да вялікіх пашкоджанняў высакавольтных ліній. Былі парваныя драты, разбураныя апоры. Пацярпела 54 высакавольтныя лініі. Галоўнай задачай было аднавіць магутнасці і падаць электраэнергію ў Мазыр”.

Праца Мазырскай ЦЭЦ адноўленая, адноўлена 26 высакавольтных ліній, што дазваляе падаваць электраэнергію ў раёны Мазыра, адзначыў Сівак. Паводле яго слоў, “ужо пачалі засілкоўвацца” асноўныя спажыўцы, у тым ліку Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.

На працягу бліжэйшых сутак энергетыкі паэтапна будуць даводзіць электраэнергію да спажыўцоў, сказаў віцэ-прэм’ер.

Аб аднаўленні энергазабеспячэння і падрыхтоўцы да аднаўлення працы Мазырскага НПЗ паведаміў увечары 16 ліпеня генеральны дырэктар прадпрыемства Віталь Паўлаў.

Тым часам святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя Мазырскага раёна, запланаваныя на 20 ліпеня, перанесеныя.

Міліцыя і ДАІ Мазыра пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым працы. Патрульна-паставая служба пераведзеная на кругласутачнае вядзенне службы: забяспечвае бяспеку вуліц, ахову гандлёвых аб’ектаў і адкрытых пад’ездаў.

У аздараўленчым лагеры ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці ад падзення дрэва загінула дзіця, яшчэ некалькі пацярпела. У Магілёўскім раёне ўвечары 14 ліпеня 5-гадовая дзяўчынка памерла з-за траўмы, атрыманай у выніку падзення на яе дрэва.

Падзяліцца: