Мінск 09:56

Дэмсілы ўзнялі пытанне барацьбы з гандлярамі месцамі ў чарзе на міжнародную абарону ў Польшчы

Фота: прэс-служба АПК

17 ліпеня, Позірк. Пытанне “супрацьдзеяння нядобрасумленным асобам, якія прадаюць месцы ў чарзе на падачу заяў на атрыманне міжнароднай абароны” абмеркаваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка з начальнікам упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам.

У сустрэчы таксама ўзяла ўдзел кіраўніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская.

Як сцвярджае прэс-служба АПК, кіраўніцтва ўпраўлення паведаміла, што “асобныя меры па навядзенні парадку ўжо прынятыя і сітуацыя будзе заставацца на кантролі”, на наступны год плануецца ўвесці электронную сістэму падачы заяў аб выдачы “карты побыту”. Цытрыновіч, паводле інфармацыі палітычнай структуры, звярнуў увагу на “неабходнасць своечасовага вырашэння беларусамі пытанняў дакументацыі”.

Напрыканцы 2025 года пачнуць заканчвацца тэрміны дзеяння дазволаў на жыхарства, якія былі аформленыя ў 2022-м на падставе гуманітарных віз. Упраўленне рэкамендуе загадзя “легалізаваць далейшае знаходжанне ў Польшчы ў рамках агульных працэдур”. Падставамі для легалізацыі могуць быць праца ці навучанне, эканамічная дзейнасць, уз’яднанне сям’і ды інш.

Паводле інфармацыі ўпраўлення, больш за 130 тыс. грамадзян Беларусі ўжо легалізаваліся ў Польшчы, “значная частка” адпаведных запытаў яшчэ знаходзіцца ў апрацоўцы.

Асобна на сустрэчы ў чарговы раз было ўзнятае пытанне легалізацыі беларусаў Ніжнесілезскага ваяводства, дзе на разглядзе знаходзіцца 300 зваротаў. Цытрыновіч, як сцвярджае АПК, мае намер наведаць Вроцлаў, сустрэцца з ваяводам і абмеркаваць “магчымасці вырашэння сітуацыі, якая там склалася”.

Маціеўская звярнула ўвагу польскага боку “на неабходнасць больш адказнай працы з асобамі, якія знаходзяцца ў працэдуры атрымання міжнароднай абароны”, каб не дапускаць перадачы іх персанальных даных “органам рэжыму Лукашэнкі”. На яе думку, трэба таксама павяличыць тэрмін дзейнасці часовага дакумента, які пацвярджае асобу (зараз 90 дзён). Цытрыновіч, паводле сцвярджэння АПК, “паабяцаў, што будуць рэалізаваныя захады па павелічэнні гэтага тэрміну”.

15 траўня ваявода Ніжнесілезскага ваяводства Мацей Авіжэнь падчас сустрэчы з Латушкам запэўніў яго ў намеры вырашыць да канца 2024 года праблемы легалізацыі беларусаў.

У красавіку прэс-служба НАУ паведамляла, што сама меней 120 беларусаў не могуць атрымаць польскі праязны дакумент у згаданым ваяводстве.

Падзяліцца: