Мінск 20:34

Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якое дазваляе прыцягваць грамадзян да ліквідацыі наступстваў урагану

Фота: mazyr.by

23 ліпеня, Позірк. Распараджэнне аб ліквідацыі наступстваў “небяспечных метэаралагічных з’яў” падпісаў 23 ліпеня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Падкрэсліваецца, што дакумент падрыхтаваны па выніках праведзенай 19 ліпеня селектарнай нарады, на якой “дэталёва абмяркоўваліся пытанні пераадолення наступстваў стыхіі, якая закранула шэраг рэгіёнаў краіны”.

Распараджэнне накіраванае на ліквідацыю “наступстваў стыхіі, зніжэнне памераў шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, і матэрыяльнага ўрону, аднаўленне нармальных умоў жыццядзейнасці насельніцтва”.

Сярод іншага Лукашэнка ўстанавіў тэрміны аднаўленчых работ, адпаведныя даручэнні дадзены галіновым ведамствам.

Міністэрства энергетыкі абавязанае да 1 жніўня 2024 года падключыць да электразабеспячэння ўсе абясточаныя домаўладанні.

Таксама ведамству загадана да 22 жніўня перавесці электрасілкаванне ўсіх атрымальнікаў энергіі ад дызельных генератараў да ліній электраперадачы.

Акрамя гэтага, Мінэнерга даручана да 31 снежня правесці “аналіз стану электрычных сетак і падрыхтоўку прапаноў аб павышэнні надзейнасці электразабеспячэння адказных спажыўцоў і населеных пунктаў”.

Міністэрствам лясной гаспадаркі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адукацыі і шэрагу іншых дзяржорганаў і ўстаноў даручана ў розныя тэрміны (крайні — да канца года) “завяршыць работу па ачыстцы даступных лясных насаджэнняў ад ветравальна-бураломных дрэў і іх частак” шляхам правядзення суцэльных і выбарачных санітарных высечак.

Шэраг работ па ліквідацыі наступстваў стыхіі ўскладзены на Міністэрства прамысловасці і падначаленыя яму прадпрыемствы.

Аблвыканкамы, згодна з распараджэннем Лукашэнкі, павінны “арганізаваць прыцягненне грамадзян да правядзення работ па ўборцы захламленасці на адпаведных тэрыторыях”, а таксама “забяспечыць аднаўленне пашкоджаных капітальных будынкаў (будынкаў, збудаванняў) і іх частак”.

Раней Лукашэнка тройчы ўсталёўваў чыноўнікам тэрміны ліквідацыі наступстваў урагану. Віцэ-прэм’еру Анатолю Сіваку варта было да раніцы 16 ліпеня аднавіць працу ўсёй інфраструктуры. Кіраўніку МНС Вадзіму Сіняўскаму і дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу 16 ліпеня быў дадзены “адзін дзень” на нармалізацыю сітуацыі пасля непагадзі. Кіраўніку Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко ён даручыў да раніцы 19 ліпеня завяршыць “усе работы па падключэнні насельніцтва да электрасілкавання, у тым ліку ў самых аддаленых населеных пунктах”.

Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнняў водазабеспячэння, разбурэнняў. Больш за ўсё ад ураганнага ветру пацярпела Гомельская вобласць, дзе ўводзілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.

У тыя дні з-за непагадзі загінула сем чалавек.

Лукашэнка абвінаваціў пацярпелых ад непагадзі грамадзян у “няправільным разуменні” НС. Сярод жыхароў Беларусі “ёсць такія грамадзяне, для якіх усё заўсёды будзе дрэнна”, яны “не хочуць разумець”, што ў мінулыя дні ў краіне адбылася “надзвычайная сітуацыя”, заявіў ён на згаданай селектарнай нарадзе.

Непагадзь ён назваў “вайной”, толькі без “стральбы з аўтаматаў і кулямётаў”.

“Тое самае, што на вайне. І ніхто не задаецца пытаннем: А што ты зрабіў для таго, каб пераадолець гэтую катастрофу?” — сказаў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што ёсць людзі, якія дапамагаюць прыбіраць завалы і паваленыя дрэвы, аказваюць садзейнічанне камунальнікам. Гэта, паводле яго слоў, “сапраўдныя мужыкі”. Ім спікер супрацьпаставіў тых, хто “пальцам не варухне”, пакуль “улады не вырашаць усе праблемы”.

На той жа нарадзе Лукашэнка даручыў прыцягнуць да ліквідацыі наступстваў непагадзі грамадзян, у тым ліку палітвязняў.

“Я ўжо казаў міністру ўнутраных спраў (ён падключыцца, ён ведае), у нас больш за 20 тысяч сядзельцаў і так званыя палітвязні. Туды — на прасеку. Дапамажыце краіне. <…> І гараджан, і асабліва гэтых дармаедаў”, — сказаў ён.

Лукашэнка загадаў адправіць на адпаведныя працы жыхароў Беларусі агулам, адзначыўшы, што “адгаворкі тыпу таго, што я не пайду, не хачу, не буду, не прымаюцца”.

Падзяліцца: