Мінск 07:03

За паўгода санэпідслужба не дазволіла завезці ў Беларусь больш за 530 т розных тавараў

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

26 ліпеня, Позірк. У першым паўгоддзі работнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы (СЭС) “спынілі або часова забаранілі” ўвоз у Беларусь 126 партый тавараў (агульная маса — 530 тон), паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Прычынай 86% адпаведных рашэнняў стала ўвядзенне часовых абмежавальных мер адной з дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза, членам якога з’яўляецца Беларусь, 14% — адсутнасць дазвольных дакументаў або поўнай інфармацыі пра падкантрольны тавар, які ўвозіцца.

За студзень — чэрвень 2024 года было агледжана больш за 522 тыс. аўтамабіляў, падвергнута надгляду 33,4 тыс. партый тавараў (агульны аб’ём — 222 тыс. т).

Мінздароўя назвала адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці СЭС забеспячэнне санітарнай аховы тэрыторыі ад “завозу і распаўсюду інфекцыйных, масавых неінфекцыйных захворванняў і патэнцыяльна небяспечнай прадукцыі”.

У рамках санітарна-каранціннага кантролю за паўгода абследавана 2,3 млн чалавек. Падазрэнні на інфекцыйныя захворванні ўзніклі ў дачыненні да 18, шпіталізавана — 10 (за аналагічны перыяд 2023 года — 9 і 1 адпаведна).

18 ліпеня Мінздароўя паведамляла, што ў 75% абследаваных аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання выяўленыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў.

Падзяліцца: