Мінск 14:48

Долар, юань і расійскі рубель падаражэлі на таргах БВФБ 30 ліпеня

Ілюстрацыйнае фота: Eric Prouzet / unsplash.com

30 ліпеня, Позірк. Амерыканская, кітайская і расійская валюты падаражэлі на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 30 ліпеня.

Курс долара вырас да 3,1349 рубля (+0,0008, +0,03%), юаня — да 4,3216 за 10 (+0,0103, +0,24%), расійскага рубля — да 3,6008 за 100 (+0,0015, +0,04%).

Каціроўка еўра не змянілася ў параўнанні з вынікамі ўчарашніх таргоў — 3,3856 рубля (29 ліпеня агульная еўрапейская валюта падаражэла на 0,0279 рубля, або на 0,83%).

На мінулым працоўным тыдні (22–26 ліпеня) каціроўка долара знізілася на 1,76% (з 3,171 да 3,1151), юаня — на 1,44% (з 4,3701 да 4,3082 за 10), еўра — на 2,73% (з 3,452 да 3,3577), курс расійскага рубля вырас на 0,4% (з 3,5926 да 3,6071 за 100).

На брыфінгу 22 ліпеня старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык заявіў, што да канца гэтага года маецца “прастора для ўмеранага паслаблення нацыянальнай валюты” — з улікам “залішняга попыту ў эканоміцы, а таксама сальда знешняга гандлю, якое боўтаецца каля нуля” (па выніках студзеня — траўня склала -502,5 млн долараў — у 2,5 разы больш, чым было годам раней).

Згодна з базавым прагнозам, сказаў эксперт, паслабленне беларускага рубля да кошыка замежных валют складзе каля 4% (чацвёрты квартал 2024-га да чацвёртага квартала 2023-га).

“Для рэалізацыі гэтага сцэнарыю неабходна, каб не прыляцелі нейкія моцныя шокі. Калі гэта ўсё ж такі адбудзецца, то ўсё будзе залежаць ад таго, якімі яны будуць. Тут мы можам убачыць як больш моцнае паслабленне нацвалюты, так і яе ўмацаванне”, — адзначыў эканаміст.

Афіцыйны курс долара ў Беларусі ў студзені знізіўся на 0,01% (з 3,1775 да 3,1771 рубля) — гэта быў шосты паказчык на тэрыторыі былога СССР; у лютым — вырас на 1,95% (да 3,2391) — другое месца пасля Расіі (+2,89%), за два месяцы — на 1,94% (шостае месца); у сакавіку — на 0,33% (да 3,2498) — пятае месца, за тры месяцы — на 2,28% (трэцяе); у красавіку — на 0,14% (3,2542) — шостае месца, за чатыры месяцы — на 2,41%; у траўні знізіўся на 1,48% (3,2059) — трэцяе месца, за пяць месяцаў вырас на 0,89% (восьмае). У чэрвені долар патаннеў на 1,36%, па выніках першага паўгоддзя — на 0,48% (з 3,1775 да 3,1624).

За 2023 год каціроўка долара павялічылася на 16,12% (з 2,7364 да 3,1775 рубля). Гэта другі паказчык на постсавецкай прасторы, сведчыць праведзены Позіркам параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 снежня 2022 года і 31 снежня 2023-га. На першым месцы Расія — 27,51% (з 70,3375 да 89,6883 рубля).

Падзяліцца: