Украінка Ганчарэнка, якую абмянялі ў чэрвені, была затрыманая і асуджаная ў Беларусі за здымку расійскіх войск

31 ліпеня, Позірк. Падставай для крымінальнага пераследу ў Беларусі грамадзянкі Украіны Людмілы Ганчарэнкі, якую з чатырма яе суайчыннікамі абмянялі 28 чэрвеня, сталі знятыя ёю і перададзеныя Пагранічнай службе Украіны і відэа і фота расійскай ваеннай тэхнікі на беларускай тэрыторыі, паведаміла яна Deutsche Welle.
Ганчарэнка была прыгаворана ў Беларусі да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 3581 КК (агентурная дзейнасць)
Паводле яе слоў, ролік знайшлі сілавікі падчас праверкі яе тэлефона пры перасячэнні мяжы.
На допытах у КДБ, сцвярджае былая вязня, ёй пагражалі ў выпадку не падпісання неабходных папер, што на той момант 13-гадовага сына адправяць у беларускі дзіцячы дом, а калі яму споўніцца 14 — “пасадзяць”. Паводле яе слоў, дзіця атрымала “моцную псіхалагічную траўму” — яго дапытвалі, “вазілі на дэтэктар хлусні”, пагражалі пісталетам.
Ганчарэнка і яшчэ траіх украінцаў, якіх рыхтавалі да абмену на расійскіх палонных, першапачаткова прывезлі ў катэдж пад Мінскам, і, па яе выразе, сталі “адкормліваць”. Побач, сказала яна, увесь час знаходзіліся сілавікі: “Хто яны, мы не ведалі, яны маскі не здымалі, з намі не размаўлялі, толькі пыталіся, што нам трэба паесці ці папіць”.
Пазней да іх дадалі фігуранта справы аб дыверсіі на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах (Мінскі раён) Мікалая Швеца.
Калі іх прывезлі на мяжу, у мікрааўтобус увайшоў сілавік і сказаў, што яны памілаваны і праз гадзіну будуць дома.
Затрыманага Швеца ў рамках дамоўленасцей з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім абмянялі на святара Ёнатана, паведаміў Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе да Дня незалежнасці.
Іншых вызваленых украінскіх грамадзян, паводле яго слоў, абмянялі на цяжкапараненых расіян. Акрамя Ганчарэнкі і Швеца гаворка ішла аб асуджаных паводле арт. 3581 КК Паўлу Купрыенку (7 гадоў зняволення), арт. 358 (шпіянаж) — Наталлі Захаранка (сястра Ганчарэнкі, 9 гадоў), 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) — Кацярыне Бруханавай.
Увечары 28 чэрвеня Уладзімір Зяленскі і кіраўнік яго Офіса Андрэй Ярмак паведамілі, што Украіне “ўдалося вызваліць з расійскага палону яшчэ 10 чалавек”. У ліку вызваленых і перададзеных Кіеву згаданыя “пяць грамадзянскіх, якія былі захопленыя ў Беларусі і пазбаўленыя волі”.
Гэта першы вядомы выпадак вызвалення беларускіх палітвязняў па вайсковым трэку.
Дыверсія ў Мачулішчах праведзена 26 лютага 2023 года. Тады ў выніку атакі беспілотнікаў быў выведзены са строю расійскі ваенны самалёт А-50. Кіраўнік СБУ Васіль Малюк публічна прызнаў датычнасць ведамства да дыверсіі 25 сакавіка 2024 года.
Мітрапаліт Ёнатан (Анатоль Ялецкіх), які належыць да забароненай пасля пачатку вайны Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, адбываў пяцігадовы тэрмін зняволення за апраўданне расійскай агрэсіі.
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 5 кастрычніка — 29 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваКолькасць настаўнікаў у Беларусі за пяць гадоў скарацілася на 13,3 тыс. (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ Беларусі працягвае павялічвацца колькасць вакансій для замежных работнікаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаДля Еўропы цяпер час захоўваць вернасць каштоўнасцям, а не падпарадкоўвацца інтарэсам бізнесу, лічыць ЦіханоўскаяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, ЭканомікаЦіханоўская: Мы хацелі б, каб пасля заканчэння эпохі Лукашэнкі ў Беларусі развіваўся прыватны бізнесМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаЦіханоўская: Мы хочам, каб Беларусь стала такой, як сённяшняя Іспанія, — свабоднай, дэмакратычнай і моцнай еўрапейскай краінайМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаБарэль: Рэпрэсіі ў Беларусі пачаліся ў 1994 годзе і працягваюцца дагэтульМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства


