Ціханоўская гатовая прыехаць ва Украіну, але запрашэння ад уладаў няма — Манько
2 жніўня, Позірк. Дабіцца прагрэсу па пытанні візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну пакуль не атрымалася, заявіў кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько, выступаючы 2 жніўня ў Вільнюсе на паралельным мерапрыемстве канферэнцыі “Новая Беларусь”.
Паводле яго слоў, на гэты конт “было вельмі шмат сустрэч і размоў”. Дэмсілам, паводле слоў Манько, хацелася б, каб Ціханоўская менавіта на тэрыторыі Украіны сустрэлася з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім ці “прадстаўніцтвам МЗС”.
Беларускі палітык, адзначыў кіраўнік місіі, “абмежаваная пратаколам бяспекі, бо яна знаходзіцца пад абаронай у Літве”, але ўсё адно “гатовая прыехаць”.
“Адзінае, паўстае пытанне, што неабходна афіцыйнае запрашэнне ад МЗС як мінімум альбо ад адміністрацыі прэзідэнта. На сённяшні дзень яго няма. Не ведаем, будзе ці не будзе. Пакуль мы ў гэтым пытанні не рушылі наперад, скажу наўпрост”, — прызнаў Манько.
Паводле яго слоў, паміж беларускімі дэмсіламі і ўкраінскімі ўладамі “цяпер прысутнічае халадок”.
“Тлумачэнне гэтаму даецца такое: Украіна не хацела б адкрываць яшчэ адзін фронт — з Беларуссю, — сказаў спікер. — Бо ў нас 1.064 кіламетры агульнай мяжы, гэтая напружанасць нікому не патрэбная, таму ўкраінская ўлада пакуль імкнецца ніякім чынам актыўна не падтрымліваць беларусаў адкрыта, палітычныя арганізацыі ці структуры такога напрамку, як офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет”.
Асноўнай задачай місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, паводле слоў яе кіраўніка, першапачаткова было “ўсталяванне сувязей, пошук нармальных здаровых стасункаў з Украінай і ўсімі беларусамі, якія ў ёй пражываюць”.
“Напрамак вельмі цяжкі, небяспечны, — канстатаваў ён. — Не толькі праз тое, што там бываюць “прылёты”, але таму што вельмі сур’ёзная праца замежных спецслужбаў, тым больш расійскіх. Любыя могуць быць правакацыі, яны працягваюцца бясконца”.
Манько назваў Украіну складанай краінай, перш за ўсё праз тое, што ментальна цэнтральная Украіна, рэгіёны адрозніваюцца.
У місіі, паводле яго слоў, “выбудаваліся добрыя стасункі з экспертнай супольнасцю”, пастаянна праводзяцца “адкрытыя і закрытыя круглыя сталы, канферэнцыі, на якіх акрэслена кола праблем”. Напрыклад, нагадаў спікер, беларусы “сутыкнуліся з вельмі вялікімі праблемамі, звязанымі з пашпартамі, перасячэннем мяжы, усім, што звязана са знаходжаннем на тэрыторыі Украіны, перамяшчэннем паміж краінамі”.
“Другое — была пастанова Нацбанка Украіны, у якой беларусы прыраўняліся да расіян, усім былі заблакаваныя рахункі. Цяпер паволі [праблема] здымаецца, хоць пытанне не вырашанае, там зарэгуляванасць вялікая. <…> Зараз працуем з кейсамі людзей, якія маюць праблему з разблакаваннем рахункаў. Вельмі шмат беларусаў, якія беглі пасля 2020 года, завезлі свае грошы, пакінулі ў банкаўскіх ячэйках. Маюцца цяжкасці з вяртаннем сродкаў, працуем у гэтым кірунку”, — адзначыў Манько.
Ён дадаў, што місія таксама аказвае матэрыяльна-тэхнічную дапамогу беларусам, якія ваююць на баку Украіны.
Яшчэ да пачатку развязанай Расіяй вайны, у студзені 2022 года, Ціханоўская заявіла ў інтэрв’ю аўтару ютуб-канала “жыццё-маліна” Мікіту Мелказёраву, што сітуацыя ва Украіне абвостраная і яе сустрэча з Зяленскім “магла б напаліць яе яшчэ больш”. “Я ведаю, што нас падтрымліваюць, але менавіта сам факт сустрэчы быў бы зараз ім не на руку”, — адзначыла яна.
Беларускі дэмлідар і ўкраінскі прэзідэнт не праводзілі афіцыйных сустрэч, але двойчы перасякаліся на міжнародных мерапрыемствах. Першы раз — 14 траўня 2023 года на цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага ў нямецкім Аахене. Зяленскі прыбыў, каб яе прыняць, Ціханоўская — на правах лаўрэата 2022 года. Другі раз яны прывіталі адзін аднаго сёлета 18 ліпеня перад самітам Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Вялікабрытаніі.
- Выбары, ПалітыкаКалі Канапацкую зарэгіструюць, ёй будзе дазволена крытыкаваць Расію — ЛябедзькаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаЛетась даходы ад паляўнічага турызму ў Беларусі з удзелам замежнікаў павялічыліся на 30% — МінлясгасМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаНа рынак працы могуць вярнуцца 10 тыс. пенсіянераў — МінпрацыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаКурс наяўнага долара ў кастрычніку вырас на 3,3%, з пачатку года — на 3,5%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка