Мінск 05:36

Вялікія чэргі на выезд у краіны ЕС захоўваюцца, сведчаць даныя ДПК

Архіўнае фота: "Белсат"

5 жніўня, Позірк. Паводле даных Дзяржаўнага памежнага камітэта на 8 гадзін 5 жніўня, у чэргах на выезд з Беларусі ў сумежныя краіны Еўрасаюзаа знаходзілася 2.846 транспартных сродкаў: легкавых і грузавых аўтамабіляў, а таксама аўтобусаў.

Легкавых — 720, грузавых — 2.050, аўтобусаў — 76.

Больш за ўсё легкавых аўто было ў пункце пропуску Брэст на мяжы з Польшчай — 400. Гэта другі паказчык на ўказаны вышэй час з пачатку месяца: найбольш было 2 жніўня (550), менш — 3 жніўня (180).

На літоўскім напрамку самым загружаным быў пункт пропуску Каменны Лог — 200 легкавых аўто. Гэта трэці паказчык: 1 жніўня — 290, 3 жніўня —140.

У Беняконях знаходзілася 120 аўтамабіляў, 1 і 2 жніўня — па 200, 4 жніўня — 90.

Найбольш шматлікая чарга грузавых аўтамабіляў захоўваецца ў пункце пропуску Беняконі — 930, 1 жніўня — 940, 2 жніўня — 900.

Крыху меншая іх чарга ў Каменным Логу — 720: 1 і 2 жніўня — па 760, 4 жніўня — 720.

У адзіным адкрытым пункце пропуску на мяжы з Латвіяй — Грыгараўшчыне — чаргу на выезд чакалі 400 фур — гэта максімум з пачатку жніўня (мінімум быў зафіксаваны 2 жніўня — 345).

На 8 гадзін у чэргах стаяла 76 аўтобусаў. У пункце Брэст было 60: 2 жніўня — 69, 4 жніўня — 47. У Каменным Логу —16 — гэта максімум у жніўні (мінімум быў адзначаны 1 жніўня — 9).

Паводле даных на 12 гадзін, выезду ў краіны ЕС чакаюць: 695 легкавых аўтамабіляў (Каменны Лог — 170, Беняконі — 95, Брэст — 430), 2.030 грузавых (Грыгараўшчына — 400, Беняконі — 920, Каменны Лог — 710) і 74 Брэст — 60, Каменны Лог — 14).

Беларускія памежнікі рэгулярна абвінавачваюць калег, асабліва літоўскіх, у павольным афармленні грузавога транспарту, а часам і бяздзейнасці. Літоўцы на гэта адказваюць, што беларусы проста “яшчэ не прыстасаваліся да працы” ў новых умовах, калі працуюць толькі два з шасці існых пунктаў пропуску.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Пасля вынясення палітычна матываванага прыгавору журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года з-за ўзрослай плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: