Барэль: Імкненне народа Беларусі да лепшай будучыні не будзе забытае
9 жніўня, Позірк. Імкненне народа Беларусі да лепшай будучыні, такое выразнае чатыры гады таму, не будзе забытае, адзначыў вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль з нагоды чарговай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
У сваім блогу на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў палітык запэўніў, што Еўрасаюз працягне “падтрымліваць усе намаганні, скіраваныя на стварэнне свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”.
“9 жніўня 2020 года беларусы прыйшлі на выбарчыя ўчасткі з надзеяй на дэмакратычныя перамены, — напісаў Барэль. — Святлана Ціханоўская мабілізавала апазіцыю, уступіўшы ў барацьбу пасля таго, як яе мужа, вядомага блогера, кінулі за краты, каб не даць яму вылучыць сваю кандыдатуру. Нягледзячы на пераканаўчыя доказы фальсіфікацыі выбараў, Лукашэнка заявіў пра — непраўдападобную — перамогу з вынікам 80%. ЕС не прызнаў гэтыя вынікі: выбары не былі ні свабоднымі, ані справядлівымі”.
“У наступныя дні гэты абуральны падман выклікаў масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі. Дзесяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы. Рэжым Лукашэнкі адказаў жорсткімі рэпрэсіямі. З 9 па 12 жніўня 2020 года АМАП затрымаў у Мінску амаль 7.000 пратэстуючых і выпадковых мінакоў, іх утрымлівалі ў бесчалавечных і зневажальных умовах. Праз чатыры гады ў краіне па-ранейшаму налічваецца каля 1.400 палітычных вязняў. Спадарыня Ціханоўская, як і тысячы іншых беларусаў, была вымушана з’ехаць. Яна стала сімвалам беларускага супраціву і тварам дэмакратычнага руху за мяжой”, — адзначыў палітык.
На яго думку, рэпрэсіі 2020 года “не толькі разбурылі непасрэдныя надзеі на перамены ў Беларусі”, але і паставілі краіну “на шлях усё большай ізаляцыі і росту залежнасці ад Расіі”. Аляксандр Лукашэнка, канстатаваў Барэль, “паступова здае ідэнтычнасць і суверэнітэт Беларусі [прэзідэнту РФ Уладзіміру] Пуціну — абы застацца ва ўладзе”.
Пацвярджэннем таму, адзначыў кіраўнік дыпламатыі ЕС, стала тое, што ў лютым 2022 года “Лукашэнка дазволіў расійскім войскам выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну”, цяпер яго рэжым таксама “садзейнічае дэпартацыі дзяцей з падкантрольных Расіі тэрыторый Украіны”. Усё гэта робіць Лукашэнку “саўдзельнікам незаконнай агрэсіўнай вайны Пуціна”, падкрэсліў Барэль.
“Яшчэ больш абвастраючы напружанасць у стасунках са сваімі заходнімі суседзямі, Лукашэнка пагадзіўся на размяшчэнне расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі, абмяркоўваў аператыўныя планы ўварвання ў так званы Сувалкскі калідор, які распасціраецца прыкладна на 70 кіламетраў уздоўж літоўска-польскай мяжы. Гэтыя заявы з’яўляюцца часткай стратэгіі па распаўсюду дэзінфармацыі і нагнятанні страху на Захадзе”, — дадаў ён.
З 2021 года межы ЕС “сталі аб’ектам гібрыдных нападаў” — рэжым Лукашэнкі “запрашаў мігрантаў і просьбітаў прытулку з Блізкага Усходу і Афрыкі прыязджаць у Беларусь, каб выштурхнуць іх да межаў Польшчы, Літвы і Латвіі”.
Гэтыя гібрыдныя атакі “прымусілі суседнія краіны ЕС узмацніць ахову пунктаў пропуску, што ўскладніла перамяшчэнне беларускіх грамадзян”, напісаў палітык. Гэта, на яго думку, стала “шырокай кампаніяй па стварэнню перашкод” для міжнароднага абмену паміж Беларуссю і Захадам. “Былі створаныя адміністрацыйныя перашкоды для ахвочых вучыцца за мяжой, а з верасня 2023 года беларусы не могуць падоўжыць свае пашпарты ў беларускіх консульствах у ЕС і іншых краінах”, — нагадаў ён.
Усё гэта адбываецца на фоне “ўсё большай інтэграцыі Беларусі ў расійскую інфармацыйную прастору”, у рамках якой “прасоўваецца ідэалогія “рускага свету”, а альтэрнатыўныя меркаванні душацца”. “Нават выкарыстанне беларускай мовы — афіцыйнай мовы разам з рускай — усё больш абмяжоўваецца і не заахвочваецца”, — канстатаваў Барэль.
Сітуацыя ў Беларусі — папярэджанне для Украіны і іншых дзяржаў па суседстве з Расіяй, падкрэсліў ён. Пуцін, на яго думку, бачыць Украіну такой самай, як Беларусь — “узгодненай з расійскімі інтарэсамі, з прыгнечанай грамадзянскай супольнасцю і выкараненымі дэмакратычнымі памкненнямі”. “Жорсткая барацьба ўкраінскага народа за захаванне суверэнітэту знаходзіць глыбокі водгук у многіх беларусаў, якія бачаць у гэтым адлюстраванне сваіх уласных памкненняў”, — напісаў кіраўнік дыпламатыі ЕС.
Нягледзячы на рэпрэсіі, народ Беларусі працягвае дамагацца “аднаўлення сваёй свабоды і дэмакратычнай будучыні сваёй краіны, часта падвяргаючы сябе вялізнай рызыцы”. “Палітычныя зняволеныя і іх сем’і працягваюць плаціць самую высокую цану”, — адзначыў ён.
“Сённяшняя чацвёртая гадавіна скрадзеных выбараў служыць напамінам пра іх вялікую мужнасць, а таксама заклікам да дзеяння для міжнароднай супольнасці, — заявіў Барэль. — ЕС увёў кропкавыя санкцыі, якія ўключаюць забарону на паездкі і замарожванне актываў 261 фізічнай і 37 юрыдычных асоб, адказных за рэпрэсіі і падтрымку вайны Расіі супраць Украіны. ЕС таксама абмежаваў доступ Беларусі да рынкаў капіталу ЕС і абмежаваў гандаль”.
“У той самы час мы аказваем фінансавую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і дэмакратычнай апазіцыі. Летась я стварыў адмысловую кансультатыўную групу. Мы рэгулярна сустракаемся з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, каб лепш зразумець іх патрэбы і праблемы, з якімі яны сутыкаюцца як унутры краіны, так і па-за яе межамі”, — падсумаваў Барэль.
ЕС аднадушны ў падтрымцы мужнага народа Беларусі — ЕСЗД
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаШосты дзень запар актыўнасць нелегальных мігрантаў фіксуецца толькі на польскім напрамкуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+