Мінск 04:18

ЕС аднадушны ў падтрымцы мужнага народа Беларусі — ЕСЗД

Архіўнае фота: "Позірк"

8 жніўня, Позірк. Еўрасаюз “застаецца аднадушным у сваёй падтрымцы мужнага народа Беларусі”, а таксама “беларускага дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці ў іх імкненні да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай Еўропы”.

Заяву ад імя вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля прэс-служба Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў апублікавала 8 жніўня — напярэдадні чарговай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі.

Як толькі Беларусь распачне дэмакратычныя пераўтварэнні, ЕС акажа падтрымку ў стабілізацыі яе эканомікі і рэфармаванні інстытутаў, у тым ліку ў рамках Комплекснага плана эканамічнай падтрымкі ў памеры да 3 млрд еўра, гаворыцца ў дакуменце.

“Мы працягнем дамагацца таго, каб голас беларускага народа быў пачуты”, — падкрэсліваецца ў заяве.

ЕС канстатаваў, што чатыры гады таму народ Беларусі выйшаў на вуліцы, каб “мірна пратэставаць супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і спробы Лукашэнкі адабраць у яго права вырашаць сваю будучыню”. З таго часу, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, “беларускі народ неаднаразова і мужна адстойваў свае правы чалавека і дэмакратычную будучыню сваёй краіны”.

Адзначаецца, што ў Беларусі зараз “каля 1.400 палітвязняў” (1.385 у спісе праваабарончага цэнтра “Вясна”), але яны “ўяўляюць сабой толькі малую частку тысяч людзей, якія з 2020 года то траплялі ў турмы з палітычных матываў, то выходзілі з іх” . Пры гэтым “як найменей шэсць палітвязняў загінула падчас утрымання пад вартай, а многія ўтрымліваюцца пад вартай без сувязі са знешнім светам ужо больш за год”.

“Стан некаторых зняволеных пагражае іх жыццю і вымагае тэрміновай медыцынскай дапамогі. Такое абыходжанне са зняволенымі і затрыманымі з’яўляецца парушэннем міжнароднага права і ўласных абавязацельстваў Беларусі”, — адзначаецца ў заяве, у якой паўторана патрабаванне неадкладна вызваліць палітвязняў.

У ЕС адзначылі, што “беларускі суверэнітэт і нацыянальная ідэнтычнасць усё больш апынаюцца пад пагрозай”. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі не толькі праводзіць “шырокамаштабныя ўнутраныя рэпрэсіі”, але і з’яўляецца “саўдзельнікам незаконнай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, спрыяе незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і арганізуе міграцыйны ціск на знешнія межы ЕС”.

Падзяліцца: