Мінск 13:47

Справа аб забойстве беларускі ў Варшаве перададзена ў суд, разгляд будзе закрыты

Акцыя памяці Лізаветы Герцэн (Варшава, 6 сакавіка)
Фота: "Позірк"

9 жніўня, ПозіркАбвінаваўчы акт па справе Дарыяна С., абвінавачаганага ў забойстве беларускі Лізаветы Герцэн, перададзены ў акруговы суд Варшавы, паведаміў “Белсату” прэс-сакраратар пракуратуры Пётр Антоні Скіба.

Паводле яго, абвінавачванне датычыць забойства, “кваліфікаванага ў сувязі са згвалтаваннем і рабаваннем з ужываннем небяспечнага прадмету”. Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення.

“З улікам характару справы далейшы ейны ход і наступны суд будуць закрытымі. Вырак можа быць агучаны публічна, але ў публічнай частцы абвесцяць толькі прадмет справы, прызнанне падазраванага вінаватым ці невінаватым і прысуджанае пакаранне”, — гаворыцца ў матэрыяле.

7 жніўня пракурор Скіба паведаміў, што “атрымана экспертнае заключэнне ад псіхіятраў, псіхолага і сэксолага, у якім змяшчаецца выснова аб тым, што падазроны з’яўляецца разумным і можа прымаць удзел у бягучым дасудовым разглядзе, а таксама ў судовых пасяджэннях”.

Пра тое, што пракуратура перакваліфікавала абвінавачанне 23-гадоваму Дарыяну С., які напаў 25 лютага ў цэнтры Варшавы на беларуску, якая пасля памерла, абвінаваціўшы яго ў забойстве на сэксуальнай глебе і разбоі, стала вядома 11 красавіка.

Першапачаткова ён быў абвінавачаны ў замаху на забойства, спалучаным з згвалтаваннем і рабаваннем.

Паводле распаўсюджанай тады ў польскіх медыя інфармацыі, раней у пракуратуры не было доказаў таго, што напад стаў непасрэднай прычынай смерці беларускі, але затым сабраная доказная база (у тым ліку вынікі ўскрыцця) дазволіла абвінаваціць С. у забойстве.

Паводле версіі следства, раніцай 25 лютага малады чалавек, пагражаючы Герцэн нажом, адцягнуў яе да брамы шматкватэрнага дома ў цэнтры польскай сталіцы, дзе згвалтаваў, душыў і жорстка збіў. Пасля гэтага ён пакінуў 25-гадовую ахвяру ў непрытомным стане, адправіўся ў краму, а затым на трамваі вярнуўся ў здымную кватэру, у якой жыў са сваёй дзяўчынай.

Яго арыштавалі ў той самы дзень на выхадзе з дому. Пры ператрусе ў кватэры былі выяўлены вялікі кухонны нож і балаклава, якія, як мяркуе следства, былі пры ім падчас здзяйснення злачынства.

1 сакавіка Герцэн памерла ў бальніцы. Яе пахавалі 14 сакавіка на Паўночных камунальных могілках Варшавы.

Трагедыя выклікала вялікі грамадскі рэзананс як у Беларусі, гэтак і ў Польшчы. Некалькі тысяч чалавек 6 сакавіка прынялі ўдзел у вулічнай акцыі памяці загінулай у Варшаве.

Падзяліцца: