Мінск 21:42

У 2024 годзе беларуская эканоміка будзе расці ўдвая павольней, чым у заходніх суседзяў — эканаміст

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 9 студзеня 2024 года

Алесь Аляхновіч
Фота: Каардынацыйная рада

Кардынальных прарываў ні ў бок развіцця эканомікі, ні ў бок пагаршэння ў базісным сцэнары для беларускай эканомікі ў 2024 годзе няма. Такое меркаванне у каментары “Позірку” выказаў дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч.

Унутраны патэнцыял блізкі да нуля

“Ужо з 2012 года блізкі да нуля ўнутраны патэнцыял беларускай эканомікі, то бок развіццё яе структуры: сельскай гаспадаркі, прамысловасці, сектару паслуг, дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, геаграфіі экспарту, стымулаў і матывацыі працаваць эфектыўна для чыноўнікаў, менеджараў”, — ўпэўнены Аляхновіч.

Паводле яго слоў, эканоміка перастала расці задоўга да палітычнага крызісу 2020 года, увядзення эканамічных санкцый, саўдзелу ў вайне РФ супрраць Украіны.

Аляхновіч адзначае: каб хоць нейкім чынам стымуляваць рост эканомікі, патрэбныя альбо пастаянныя фінансавыя ўліванні звонку, напрыклад з боку Расіі, альбо нейкі вонкавы пазітыўны шок. “Пэўны час да 2020 года Масква не вельмі ахвотна выдзяляла Мінску новыя пазыкі. Пасля 2020-га яна гатовая адтэрміноўваць старыя пазыкі і іх сплату, але новых грошай усё роўна яшчэ не так шмат дае”, — звяртае ўвагу суразмоўца.

“У 2021 годзе беларускай эканоміцы пашанцавала: пасля лакдаўну, звязанага з ковідам, калі сусветная эканоміка пачала аднаўляцца, выраслі кошты на газ, нафту, металы, драўніну, харч”, — нагадвае эксперт.

Паводле яго слоў, у 2023 годзе эканоміка вырасла прыкладна на 4% (за 11 месяцаў, як паведамляў Белстат, на 3,8%. — “Позірк”.), што звязана з сыходам з РФ заходніх кампаній. “Расіі няма ў каго набываць тавары, і яна з задавальненнем будзе купляць іх у Беларусі, асабліва распрацоўкі ваенна-прамысловага комплекса. Але нават пры такім надзвычай карысным шоку айчынная эканоміка вырасла менш чым на 4%, што нават не дазволіла аднавіць страты 2022 года (падзенне на 4,7%. — “Позірк”.)”, — кажа суразмоўца.

Вымыванне кадраў ужо адчуваецца

Паводле меркавання Аляхновіча, у 2024 годзе беларуская эканоміка вырасце “дзесьці на 1-2%”, тады як Польшча, Літва, Латвія будуць расці ўдвая хутчэй — на 2,5-3%.

Як адзначае эксперт, на рынку працы вымыванне кадраў ужо адчуваецца, штогод. Пачынаючы з 2020-га, краіна губляе каля 100 тыс. чалавек, у тым ліку прыкладна 60 тыс. працоўных. Гэтыя страты звязаныя як з дэмаграфічнай сітуацыяй, так і з эміграцыяй.

“Каб захаваць кадры ці знайсці новых супрацоўнікаў альбо стымуляваць працаваць пенсіянераў, прадпрыемствам даводзіцца павышаць заробкі”, — звяртае ўвагу Аляхновіч.

У 2023 годзе, адзначае эканаміст, заробкі раслі “вельмі хутка — прыкладна на 11% у рэальным вымярэнні”. “Такога высокага росту раней не было”, — сцвярджае суразмоўца. “Калі ў 2024 годзе трэнд вымывання беларусаў з рынку працы працягнецца, можна чакаць, што заробкі працягнуць расці хутчэй, чым эканоміка — на 5-10%”, — мяркуе Аляхновіч.

Гэта, паводле слоў эксперта, будзе стымуляваць інфляцыю: маючы больш грошай, людзі змогуць больш выдаткоўваць, прадпрыемствы — падвышаць цэны на сваю прадукцыю. Інфляцыя, адзначае дарадца, пачала расці пад канец 2023 года і працягне рост у 2024-м, магчыма, да 8-9% па выніках года.

Хворая Масква — хворы Мінск

Прывязка да расійскай эканомікі прыводзіць да таго, што, калі ў яе нядобрая сітуацыя, церпіць і беларуская эканоміка, канстатуе Аляхновіч. “Зараз бачна, што ў краін “Вялікай сямёркі” ёсць жаданне ўзмацніць санкцыі супраць РФ і ўвесці другасныя санкцыі супраць кампаній, якія дапамагаюць Расіі з перавозкай нафты і іншага”, — кажа эканаміст. Гэта пагражае тым, што ў расійскі бюджэт будзе трапляць менш грошай ад продажу энерганосьбітаў.

“Пакуль не бачна ніякіх карысных шокаў для эканомік абедзьвух краін. Хутчэй наадварот, ёсць верагоднасць негатыўных шокаў. Напрыклад, сусветныя кошты на нафту і газ зніжаюцца, ёсць рызыка ўзмацнення санкцый, ціску ЕС і ЗША на Індыю, Кітай, Бразілію, каб яны не набывалі нічога ў РФ. Будзе працягвацца вайна, а значыць, РФ застанецца ў ізаляцыі, не будзе мадэрнізацыі эканомікі”, — падкрэсліў эксперт.

“Мой базісны сцэнар: у расійскай эканоміцы будзе стагнацыя — яна не вырасце, але і не ўпадзе моцна. Не будзе нейкіх шокаў для валюты, наогул кардынальна сітуацыя ва ўсходняга суседа не зменіцца. Эканоміку РФ яе ўлады працягнуць пераводзіць на ваенныя рэйкі, захаваюцца праблемы з набыццём пэўных імпартных тавараў. Але, паўтаруся, кардынальных прарываў ні ў бок развіцця, ні ў бок пагаршэння я не бачу ў базісным сцэнары ні для РФ, ні адпаведна для Беларусі”, — адзначае Аляхновіч.

Падзяліцца: