Мінск 19:54

Мінэнерга зрабіла “ўсё магчымае” і аднавіла цеплазабеспячэнне ў двух населеных пунктах Пухавіцкага раёну

Фота: Мінэнерга

26 лістапада, Позірк. Міністэрства энергетыкі зрабіла “ўсё магчымае для правядзення рамонтных работ у самыя кароткія тэрміны” і заявіла аб аднаўленні цеплазабеспячэння ў двух пасёлках Пухавіцкага раёну (Мінская вобласць).

Як паведамляе прэс-служба ведамства, у выніку пашкоджання трубаправода “іншай арганізацыяй” без ацяплення і гарачага водазабеспячэння засталіся паліклініка і інтэрнат у населеным пункце Дружны, а таксама бальніца, дзіцячы сад, школа і 74 жылыя дамы ў пасёлку Свіслач.

“Для ліквідацыі пашкоджання на месца працы аварыйных брыгад была прыцягнутая дадатковая спецтэхніка. Зварачныя работы завершаны 26 лістапада ў 00.30, а ў 04.00 участак сеткі ўключаны ў працу і цеплазабеспячэнне адноўлена цалкам”, — гаворыцца ў паведамленні Мінэнерга.

Раней стала вядома, што ў выніку аварыі ў камунальнай сетцы 23 лістапада на працягу некалькіх дзён перабоі з водазабеспячэннем адчувалі жыхары горада Фаніпаль Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.

Падзяліцца: