Мінск 08:20

Латушка: Выдача ордэра на арышт палітычна знішчыць Лукашэнку

Скрыншот: ютуб-канал Паўла Латушкі

4 снежня, Позірк. Персанальнае прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці ў рамках універсальнай юрысдыкцыі з’яўляецца “найважнейшым інструментам” для расколу сістэмы ўлады ў Беларусі, заявіў 4 снежня на XXI Мінскім форуме ў Берліне кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.

Відэа выступу палітык апублікаваў у сваім ютуб-канале.

“Неабходна выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за ажыццяўленне ваеннага злачынства — незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, <…> як гэта ўжо было зроблена супраць Уладзіміра Пуціна, — сказаў Латушка. — Ініцыяваць на падставе дакладу Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub з Літвы <…>, разгляд у Міжнародным крымінальным судзе (МКС) у Гаазе крымінальнай справы аб масавых злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці”.

На думку кіраўніка НАУ, выдача ордэра “знішчыць Лукашэнку палітычна і стане сігналам для яго атачэння, што ад яго можна і трэба пазбавіцца”.

“Лукашэнка пры ўладзе 30 гадоў і адказны за мноства злачынстваў, — падкрэсліў Латушка. — Калі гэтая адказнасць не наступіць, можна забыцца пра матывацыю беларусаў змагацца за дэмакратыю, < … > таму што яны не бачаць, што адказнасць працуе, а яны проста ідуць у турмы. Дэмакратыя наступіць толькі тады ў Беларусі, калі наступіць адказнасць”.

Таксама Латушка лічыць важным “непрызнанне парламенцкіх выбараў Лукашэнкі, запланаваных ім на люты 2024 года, ужо цяпер, не чакаючы іх правядзення”.

“Ці трэба ў рэчаіснасці чакаць, што гэта будуць выбары, калі [у Беларусі] тысячы палітвязняў, калі няма незалежных СМІ і партый? Гэты крок дасць сігнал углыб сістэмы — перагарнуць старонку ў міжнародных адносінах немагчыма да той пары, пакуль сістэма не пазбавіцца ад дыктатара і не пойдзе на дыялог з дэмакратычнымі сіламі. Цана ўтрымання Лукашэнкі пры ўладзе павінна стаць максімальна крытычнай для сістэмы”, — перакананы палітык.

Мінскі форум — міжнародная пляцоўка для сустрэч і дыскусій палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, дыпламатаў, прадстаўнікоў бізнесу. Праводзіцца з 1997 года, пасля падзей 2020 года — па-за Беларуссю. Мерапрыемствы форуму прымалі Вільнюс, Варшава, Брусель, Берлін.

17 лістапада, каментуючы высновы Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскай школы аховы здароўя (ЗША) аб перамяшчэнні дзяцей з акупаванай Украіны ў Беларусь, Латушка заявіў, што дата выдачы МУС ордэра на арышт Лукашэнкі пакуль невядомая, але “мы верым у міжнароднае правасуддзе і ўпэўненыя, што адказнасць немінучая” і “Гаагскі дзень календара для Лукашэнкі абавязкова надыдзе”.

Экс-дыпламат падкрэсліў, што “гэтая справаздача незалежнай аўтарытэтнай арганізацыі фактычна пацвярджае ўсе факты, раней перададзеныя камандай НАУ ў офіс пракурора МКС”.

Сцвярджаецца, што перамяшчэнне дзяцей з Украіны ў Беларусь, іх перавыхаванне і вайсковая падрыхтоўка ажыццяўлялася “пад сумесным кіраўніцтвам і пры сумесным фінансаваньні” з боку Лукашэнкі і Пуціна.

17 сакавіка гэтага года МКС у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.

Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі. 13 верасня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець магчымасць выдаць ордэр на яго арышт.

Падзяліцца: