Мінск 13:43

КР паведаміла аб стварэнні аргкамітэта па выбарах у свой склад

20 снежня, Позірк. Аб стварэнні арганізацыйнага камітэта па выбарах у свой склад паведаміла Каардынацыйная рада па выхадзе з палітычнага крызісу.

“Мы дзейнічаем у няпростых умовах: з аднаго боку мы падвяргаемся ціску рэжыму, з другога — недаверу беларусаў, не ўсе з якіх разумеюць, навошта ім патрэбная Каардынацыйная рада. Крытыка можа стаць падставай для кроку назад, але мы хочам, каб яна стала штуршком для развіцця. Такое развіццё немагчымае без абмеркаванняў, дыскусій і сумеснай працы”, — гаворыцца ў заяве КР.

Падкрэсліваецца неабходнасць “узгадніць і рэалізаваць шмат пытанняў, якія непасрэдна датычацца таго, як будуць арганізаваны выбары, як далей будзе рухацца дзейнасць КР; пры неабходнасці дапрацаваць прыняты за аснову праект выбарчай сістэмы”.

КР публікуе дэкларацыю аб выбарах, дзе адзначаецца, што яны маюць мэтай “аб’яднанне беларусаў, грамадзянскай супольнасці і палітычных арганізацый у імкненні да вызвалення Беларусі ад дыктатуры рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і імперскага і мілітарысцкага рэжыму Уладзіміра Пуціна, і пабудову суверэннай, дэмакратычнай, мірнай Еўрапейскай Беларусі”.

У дэкларацыі пералічана восем пунктаў, з якімі мусяць быць згоднымі ўсе ўдзельнікі выбараў. Сярод іншага: “Аляксандр Лукашэнка не з’яўляецца легітымным кіраўніком Беларусі і не прадстаўляе беларускі народ”; “суверэнітэт, незалежнасць і еўрапейскі дэмакратычны выбар Беларусі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю”; “падман выбаршчыкаў, подкуп, шантаж, незаконнае ўмяшанне з мэтай паўплываць на вынік, фальсіфікацыі ці іншыя метады, якія могуць быць кваліфікаваны як “чорныя перадвыбарныя тэхналогіі” — недапушчальныя і пацягнуць за сабой спыненне ўдзелу ў выбарчым працэсе тых, хто іх прымяняе”.

Асобны пункт (шосты па ліку): “Усе ўдзельнікі выбараў: арганізатары, кандыдаты і выбаршчыкі — павінны ўсведамляць усе рызыкі, звязаныя з рэпрэсіўным характарам рэжыму Лукашэнкі, і абавязваюцца максімальна клапаціцца пра ўсе аспекты бяспекі ўдзельнікаў выбарчага працэсу”.

Ахвотных працаваць у аргкамітэце запрашаюць звязацца з сакратарыятам КР да 27 снежня.

28 лістапада прайшла хваля ператрусаў па месцы беларускай рэгістрацыі і ў сваякоў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі, звязаных з КР. Паводле інфармацыі МУС, праведзена больш за 130 ператрусаў, вынесена 145 пастаноў аб арышце маёмасці.

Следчы камітэт паведаміў, што па справе ў якасці падазраваных праходзіць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.

8 снежня быў апублікаваны праект сістэмы выбараў у КР. Прапанавана прапарцыйная выбарчая сістэма з закрытымі спісамі. 15% месцаў (18 мандатаў з 120) прадугледжана для дэлегатаў ад арганізацый грамадзянскай супольнасці. “Гэтыя месцы займаюцца на аснове выбараў сярод арганізацый грамадзянскай супольнасці”, — гаворыцца ў дакуменце.

20 снежня, за некалькі гадзін да паведамлення КР пра стварэнне аргкамітэта, сваю пазіцыю выказаў Аб’яднаны пераходны кабінет, які ўзначальвае Святлана Ціханоўская. Падкрэсліваецца, што правядзенне выбараў у КР трэцяга склікання павінна грунтавацца на дамоўленасцях, агучаных на канферэнцыі “Новая Беларусь” у жніўні 2022-га: другі (дзейны) склад КР з’яўляецца пераходным; фармаванне трэцяга яго складу павінна адбывацца праз прамыя выбары.

АПК выступае за “прамыя прапарцыйныя выбары па адкрытых спісах”, “неадкладнае фармаванне аргкамітэта па арганізацыі выбараў” з прадстаўнікоў кабінета, офіса Святланы Ціханоўскай, КР, палітычных партый і іншых структур, магчымасць “падключэння да дзейнасці аргкамітэта экспертаў, прадстаўнікоў медыя і вядомых прадстаўнікоў грамадскасці ў якасці назіральнікаў”. “Кансалідаванае рашэнне” аргкамітэта павінна зацвярджаць Ціханоўская.

Гл. падрабязней:

АПК выступіў за “неадкладнае фармаванне аргкамітэта” па выбарах у КР

Дзевяць членаў Каардынацыйнай рады патрабуюць роспуску яе цяперашняга складу

Падзяліцца: