Мінск 21:52

“Вясна”: Падчас масавых рэйдаў сілавікоў у канцы студзеня затрымана не менш за 229 чалавек (дапоўнена)

9 лютага, Позірк. Падчас масавых рэйдаў сілавікоў 23 студзеня і ў наступныя дні ў Беларусі было затрымана не менш за 229 чалавек, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 9 лютага прадстаўніца праваабарончага цэнтра “Вясна” Яна Галаган.

Рэпрэсіі закранулі ў асноўным сваякоў палітвязняў, а таксама былых палітвязняў, многія з якіх атрымлівалі прадуктовую дапамогу праз сэрвісы дастаўкі рытэйлераў.

Паводле яе слоў, супраць мінімум 24 з іх распачатыя крымінальныя справы, не менш за 43 падвергліся пераследу ў рамках адміністрацыйных працэсаў.

Крымінальныя абвінавачванні прад’яўляліся паводле артыкулаў 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) КК.

Выкарыстоўваўся арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці ці іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам).

Прадстаўніца фонду “Краіна для жыцця” Вольга Зазулінская паведаміла, што цяпер арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца аказаннем дапамогі палітвязням і іх сем’ям унутры краіны, пераглядаюць пратаколы бяспекі і пратаколы верыфікацыі запытаў.

Паводле яе слоў, дапамога будзе працягнутая, аднак “узятая паўза, каб зразумець якія механізмы дапамогі бяспечныя”.

Зазулінская выказала меркаванне, што аперацыя беларускіх спецслужбаў рыхтавалася дастаткова доўга, пра што кажа той факт, што па справе “агулам працавалі 174 следчыя”. Праваабаронцам вядомыя імёны многіх з іх, адзначыла яна.

Паводле ацэнкі актывісткі, заснаванай на інфармацыі, атрыманай ад затрыманых і людзей, якія прайшлі праз ізалятары, агульная колькасць людзей, якія зазналі пераслед, можа перавысіць 700 чалавек.

Пры гэтым затрымліваліся і выпадковыя, не звязаныя з палітвязнямі людзі, якія, напрыклад, замаўлялі прадукты для бацькоў у Беларусі, самі пры гэтым знаходзячыся за мяжой.

“80% інфармацыі КДБ атрымаў з тэлефонаў затрыманых”, — адзначыла Зазулінская.

“Аблавы пачаліся [23 студзеня] а 5-й раніцы, людзей падымалі з ложкаў, што таксама з’яўлялася дадатковым фактарам ціску, — падкрэсліла яна.

Кіраўнік ініцыятывы BY_help Аляксей Лявончык паведаміў, што, як і ў выпадку з данатамі ў фонды салідарнасці, сілавікі прапаноўвалі затрыманым “адкупіцца”, пераводзячы аказаную імі палітвязням гуманітарную дапамогу ў намінал з каэфіцыентам 10. Ён адзначыў, што студзеньскія падзеі не закранулі працу ініцыятывы, грошы для аказання дапамогі ёсць, нягледзячы на ўзрослую колькасць заявак.

У канцы студзеня па ўсёй краіне пракацілася хваля ператрусаў і затрыманняў сваякоў палітычных зняволеных, былых палітвязняў і інш. Некаторыя з затрыманняў звязаныя з праектам харчовай дапамогі рэпрэсаваным INeedHelp, які 16 студзеня быў прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: