Мінск 21:49

Латушка звярнуўся да МЗС Польшчы з просьбай аб дапамозе беларусам, якія пацярпелі ад паводкі

Скрыншот: euronews.com

18 верасня, Позірк. З просьбай аказаць дапамогу грамадзянам Беларусі, якія пацярпелі ад паводкі на тэрыторыі Польшчы, да Міністэрства замежных спраў гэтай краіны звярнуўся намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Як паведамляе прэс-служба АПК, прадстаўнік МЗС Польшчы, з якім Латушка сустрэўся 17 верасня, паабяцаў “неадкладна” перадаць просьбу ў Міністэрства ўнутраных спраў, у чыю кампетэнцыю ўваходзіць вырашэнне такіх пытанняў.

“Павел Латушка выказаў упэўненасць, што ў дачыненні да беларусаў не будзе прымяняцца дыскрымінацыйны падыход пры аказанні магчымай дапамогі. Як і ў дачыненні да створаных беларусамі юрыдычных асоб, якім стыхія нанесла маёмасныя страты”, — адзначаецца ў паведамленні АПК.

Палітык таксама падзякаваў консульскаму дэпартаменту МЗС за “супрацоўніцтва ў пытаннях выдачы віз беларусам, якія пераследуюцца рэжымам”.

Паведамляецца, што “на працягу апошніх месяцаў” НАУ сумесна з Беларускай асацыяцыяй палітвязняў “Да волі” аказалі дапамогу ў атрыманні віз больш чым 100 грамадзянам Беларусі “з мэтай іх эвакуацыі”.

“Абмяркоўваючы праблематыку выдачы беларусам польскіх віз у Беларусі, бакі пагадзіліся, што галоўнай прычынай праблем з’яўляецца выдаленне дыктатарам Лукашэнкі больш за 20 супрацоўнікаў польскіх консульстваў у 2020–2021 гадах, што значна ўскладніла дзейнасць гэтых устаноў”, — падкрэслілі ў АПК.

Таксама заяўляецца, што польскі бок выказаў “зацікаўленасць у далейшых кроках, накіраваных на скасаванне пасярэдніцтва пры падачы візавых заяў і стварэнні больш спрыяльных умоў для атрымання польскіх віз, каб беларускае грамадства мела магчымасць камунікацыі з Еўрасаюзам”.

У выніку выкліканых цыклонам “Барыс” ліўняў, якія абрынуліся на паўднёва-заходнія рэгіёны Польшчы 14 і 15 верасня, вада затапіла населеныя пункты Глухалазы і Клодзка, а горад Лендэк-Здруй апынуўся адрэзаным ад дарожных зносін. Было эвакуявана больш за 2,5 тыс. чалавек, многія дамы засталіся без электрычнасці. Разбураныя масты, адбыўся прарыў дамбы ў горадзе Строне-Сленску. Узровень вады ў адной з рэк падняўся да 6,7 метра пры дапушчальнай адзнацы 2,4 м.

Вядома пра гібель сямі чалавек.

На пацярпелых ад паводкі тэрыторыях на 30 дзён уведзены рэжым стыхійнага бедства.

Ад цыклона пацярпела мноства населеных пунктаў у Аўстрыі, Чэхіі, Румыніі і Малдове.

Падзяліцца: