Мінск 17:49

У пункце пропуску на мяжы з Літвой рамонт, больш за месяц грузавікі будуць ездзіць разам з легкавымі аўто

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба ДМК

8 кастрычніка, Позірк. У пункце пропуску Беняконі на мяжы з Літвой з 8 кастрычніка па 18 лістапада грузавікі будуць рухацца па адной паласе з легкавым транспартам, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Ведамства адзначыла, што гэта звязана з заменай цэментабетоннага пакрыцця ўязной паласы для руху грузавога транспарту. Рамонт “можа адбіцца на часе перасячэння мяжы”.

Паводле даных Дзяржпагранкамітэта, 8 кастрычніка ў 8:00 выезду з Беларусі праз Беняконі (з літоўскага боку — Шальчынінкай) чакала 640 грузавікоў, у 10:00 — 630. Чаргі легкавых аўто няма.

Пагранведамства пастаянна абвінавачвае літоўскі бок у зацягванні афармлення грузавых аўтамабіляў. Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, 5–6 кастрычніка ў пункце Шальчынінкай было аформлена 45% нормы грузавікоў.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Легкавыя аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй могуць уехаць у Літву, калі яны не прызначаныя для продажу і належаць грамадзянам Беларусі, што маюць сапраўдную літоўскую візу або дазвол на жыхарства ў гэтай дзяржаве (часовы або сталы). Пры перасячэнні мяжы транспартам павінен кіраваць уладальнік.

Гэтае выключэнне не распаўсюджваецца на легкавыя аўтамабілі, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах.

Таксама дазволены ўезд аўтамабілям, што не прызначаныя для продажу і належаць грамадзянам дзяржаў ЕС, якія пражываюць у Беларусі. У гэтым выпадку ўладальнік таксама павінен кіраваць транспартным сродкам “выключна для асабістага карыстання”.

Пасля 18 студзеня 2025 года аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, не змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Літвы.

Падзяліцца: