be
Arrow
Мінск 18:43

Мінскі манастыр анансаваў дабрачынны канцэрт у падтрымку расійскіх вайскоўцаў з хэштэгам “Сваіх не кідаем”

24 траўня, BPN. Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр анансаваў у Мінску дабрачынны канцэрт у падтрымку “шпіталяў і параненых байцоў рускай арміі, якія ўдзельнічаюць у “спецаперацыі”. Пра гэта 24 траўня паведаміў тэлеграм-канал падведамнага манастыру духоўна-асветніцкага цэнтра “Каўчэг”, дзе і пройдзе мерапрыемства.

Канцэрт запланаваны на 4 чэрвеня і прымеркаваны да Дня Святой Тройцы.

“Вас чакаюць выступленні артыстаў тэатра і кіно з Масквы і Мінска, выступленні дзяцей школы “Іхвіс” (праваслаўная сярэдняя школа — дзіцячы сад пры манастыры. — BPN.), а таксама насельніц і таленавітых прыхаджан Свята-Елісавецінскага манастыра”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, у праграме “выступы з аповядамі добраахвотнікаў (валанцёраў) з Расіі, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у “спецаперацыі” і на свае вочы бачылі праўду пра вайну”.

Адзначаецца, што сабраныя грошы пойдуць на “закупку медабсталявання і лекавых сродкаў для шпіталяў Данбаса”.

Канцэрт анансаваны хэштэгам “Сваіх не кідаем”, папулярным у расійскай вайсковай прапаганды. На афішы мерапрыемства таксама намаляваная лацінская літара Z — сімвал уварвання Расіі ва Украіну, стылізаваная пад георгіеўскую стужачку.

Раней Свята-Елісавецінскі не раз удзельнічаў у акцыях, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію ва Украіне.

7 студзеня падчас наведвання манастыра з нагоды праваслаўнага Раства Аляксандр Лукашэнка падтрымаў збор дапамогі для расійскіх вайскоўцаў на фронце.

“Вы робіце правільна. Не звяртайце ўвагі на дзясятак-другі праплочаных людзей”, — заявіў Лукашэнка, дадаўшы, што “мы дапамагаем нашым рускім братам”.

Падзяліцца: