be
Arrow
Мінск 09:08

Азараў: Падрыў расійскага самалёта А-50 у Мачулішчах быў сумеснай аперацыяй ByPol і СБУ

27 ліпеня, BPN. Правядзенне акцыі на аэрадроме ў Мачулішчах (Мінскі раён) было сумеснай аперацыяй арганізацыі былых сілавікоў ByPol і Службы бяспекі Украіны, заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў у інтэрв’ю відэаблогеру Таццяне Мартынавай. 
 
Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што замежнымі партнёрамі “ўспрымаюцца адмоўна” такія дзеянні на тэрыторыі Беларусі, “было прынята рашэнне ўсё ж узяць акцыю на сябе, не ўзгадваючы ўкраінскі бок”. 
 
“Пасля гэтага ў нас пачаліся вялізныя праблемы, — зазначыў Азараў. — Фінансаванне поўнасцю было спынена. Нашы міжнародныя партнёры, донары гаварылі за вуглом: “Аляксандр, ты малайчына”, а калі выходзілі да грамадскасці, казалі: “Мы з вамі стасункаў ніякіх мець не можам, фінансавання больш у вас не будзе”. 
 
Паводле яго слоў, правядзенне такіх акцый з тэрыторыі краін ЕС на тэрыторыі Беларусі — “гэта фактычна падрыхтоўка вайны замежнай дзяржавай”. 
 
Таму “любыя акцыі […] з Польшчы, Літвы, Латвіі” на тэрыторыі Беларусі “забаронены мясцовымі спецслужбамі і правядзенне іх, мякка кажучы, не вітаецца”. 
 
Інфармацыя аб выбухах на аэрадроме Мачулішчы з’явілася 26 лютага. Сцвярджалася, што пашкоджаны рэдкі і дарагі вайсковы самалёт А-50. 
 
Аб’яднанне былых сілавікоў ByPol заявіла, што гэта вынік аперацыі ўдзельнікаў плана “Перамога”, якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ. Азараў зазначыў, што выканаўцы пакінулі Беларусь. 
 
Дзяржаўныя СМІ і афіцыйныя асобы некалькі дзён ігнаравалі гэтую тэму, а пасля сталі масава пераконваць гледачоў і слухачоў у спраўнасці самалёта, суправаджаючы гэта відэакадрамі. 
 
7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў рэальнасць інцыдэнту, назваў тое, што адбылося, тэрактам і ўсклаў адказнасць на Кіеў. 
 
КДБ заявіў пра затрыманне больш за 20 чалавек, у тым ліку нібыта непасрэднага выканаўцы Мікалая Швяца, які названы агентам украінскай спецслужбы. 
 
У пачатку красавіка намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у эфіры тэлеканала АНТ заявіў, што фігурантам крымінальнай справы аб нападзе на расійскі ваенны самалёт А-50 прад’яўлена абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай). 
 
“Усе ўдзельнікі арганізаванай групы, незалежна ад іх ролі ва ўчыненым злачынстве, прызнаюцца выканаўцамі”, — заявіў ён.

Падзяліцца: