Мінск 12:54

НАК чакае “дакладных тлумачэнняў “дыскрымінацыйных” умоў доступу” беларускіх спартсменаў да АГ-2024

Крыніца: сайт НАК

11 снежня, Позірк. Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) чакае тлумачэнняў таго, на якіх умовах беларускія спартсмены могуць удзельнічаць у астатніх кваліфікацыйных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях у Парыжы, не толькі з боку Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), але і з боку “міжнародных федэрацый як асноўных арганізатараў спаборніцтваў у сваіх відах спорту”, гаворыцца ў заяве НАК.

Такім чынам камітэт адрэагаваў на рашэнне выканкама МАК дапусціць беларускіх спартсменаў да АГ-2024 у нейтральным статусе.

НАК неабходныя “дакладныя тлумачэнні “дыскрымінацыйных” умоў доступу” (захавана арыгінальная фармулёўка).

На думку камітэта, рашэнне МАК не задавальняе інтарэсам беларускай спартыўнай супольнасці “ў поўнай меры”, а “існыя строгія абмежаванні, у тым ліку ўдзел у спаборніцтвах без нацыянальных сімвалаў, абмежаваная колькасць кваліфікацыйных спаборніцтваў, нядопуск спартсменаў, якія выступаюць у камандных відах, <…> з’яўляюцца вельмі дыскрымінацыйнымі у дачыненні да атлетаў”.

Пры гэтым адзначана, што “не ўсе міжнародныя федэрацыі кіруюцца рэкамендацыямі і рашэннямі МАК”. Напрыклад, Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый, заяўляе камітэт, “нават не спрабуе схаваць адкрыта дыскрымінацыйную і палітызаваную пазіцыю” ў дачыненні да беларускіх спартсменаў.

З заявы незразумела, ці збіраецца Нацыянальны алімпійскі камітэт накіроўваць спартсменаў на АГ-2024 у нейтральным статусе. Гаворыцца толькі, што “НАК Беларусі будзе кіравацца, перш за ўсё, інтарэсамі саміх спартсменаў, а таксама, несумненна, будзе працягваць работу па аднаўленні справядлівасці і паўнацэнным удзеле” спартсменаў “ва ўсіх спаборніцтвах”.

8 снежня МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе.

У той жа час, паводле рашэння МАК, чыноўнікі і дзяржаўныя служачыя абедзвюх краін не будуць запрошаны або акрэдытаваны на Алімпіяду, роўна як і “каманды спартсменаў з беларускім або расійскім пашпартам”. Пад забаронай застаюцца гімн, сцяг, адпаведная каляровая гама і хаця б якія іншыя сімвалы Беларусі і РФ.

Пры гэтым МАК падкрэсліў, што да ўдзелу ў АГ-2024 не будуць дапушчаныя “спартсмены і дапаможны персанал”, якія “актыўна падтрымліваюць” вайну супраць Украіны, маюць кантракт з расійскімі або беларускімі вайсковымі арганізацыямі або органамі нацбяспекі.

Індывідуальныя спартсмены ў нейтральным статусе будуць запрошаныя МАК і міжнароднымі федэрацыямі па адпаведных відах спорту. Адзначаецца, што “сярод 4.600 спартсменаў з усяго свету, якія прайшлі кваліфікацыю на Парыж-2024, ёсць толькі 11 індывідуальных нейтральных спартсменаў (8 з расійскім і 3 з беларускім пашпартам)”.

Беларусь была фактычна адхіленая ад міжнароднага спорту неўзабаве пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ў лютым 2022 года, падтрыманага афіцыйным Мінскам.

Падзяліцца: