Мінск 12:34

Для беларусаў, якія жывуць за мяжой, на выбарах-2024 выдзеляць участак для галасавання — у Мінску

Фота: БелаПАН

23 студзеня, Позірк. Для грамадзян Беларусі, якія жывуць за мяжой, на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў будзе выдзелены ўчастак для галасавання — у Мінску, заявіў журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка 23 студзеня перад пасяджэннем ЦВК.

“Мы вызначымся сёння, як будуць галасаваць некаторыя катэгорыі грамадзян, — цытуюць чыноўніка дзяржСМІ. — Найперш грамадзяне, якія пражываюць за мяжой, выязджаюць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства, атрымалі адпаведныя пашпарты, але пры гэтым пакуль з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі і стаяць на консульскім уліку ў нашых дыпламатычных прадстаўніцтвах”.

Карпенка нагадаў, што “ў адпаведнасці са зменамі Выбарчага кодэкса Беларусі ўчасткі за мяжой у гэтую выбарчую кампанію адкрывацца не будуць”.

Магчымасць галасаваць за мяжой была заканадаўча выключаная пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, калі шэраг амбасад афіцыйна прызнаў перамогу Святланы Ціханоўскай.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў новым статусе.

Назіраць за выбарамі запрошаныя прадстаўнікі цэнтрвыбаркамаў краін СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ, але не Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ).

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Падзяліцца: