Мінск 18:25

Польшча абвясціла тэндар на будаўніцтва электроннай загароды на рацэ Заходні Буг уздоўж мяжы з Беларуссю

16 верасня, Позірк. Польскія ўлады абвясцілі тэндар на будаўніцтва электроннай загароды з сістэмамі сачэння на рацэ Заходні Буг уздоўж мяжы з Беларуссю, заявіў 16 верасня на прэс-канферэнцыі міністр унутраных спраў гэтай дзяржавы Марыюш Каміньскі.

Паводле яго слоў, якія перадае партал wnp.pl, даўжыня загароды складзе 172 км.

“Электронны бар’ер будзе ўключаць каля 4,5 тыс. дзённых і начных цеплавізійных камер, датчыкаў руху і сотні кіламетраў кабеляў перадачы дадзеных”, — сказаў Каміньскі.

Ён падкрэсліў, што загарода дазволіць узмацніць бяспеку ў памежных раёнах: “Любая спроба незаконнага перасячэння мяжы праз раку будзе выяўленая нашымі афіцэрамі”.

Заяўкі на рэалізацыю праекта прымаюцца да 22 верасня, завяршыць тэндар плануецца ў лістападзе, пачатак будаўніцтва чакаецца ўжо ў гэтым годзе, удакладніў кіраўнік МУС Польшчы.

Са студзеня 2022 года па чэрвень 2023 года Польшча пабудавала 206-кіламетровы плот уздоўж сухапутнай мяжы з Беларуссю. Будаўніцтва фізічнага бар’ера стала рэакцыяй Варшавы на рэгулярныя з вясны 2021 года патокі нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у краіны ЕС з беларускай тэрыторыі.

За мінулыя суткі польскія памежнікі не дазволілі нелегальна трапіць 31 мігранту з боку Беларусі, з пачатку верасня — 480, года — 20.797.

На рэферэндуме, які пройдзе ў Польшчы 15 кастрычніка разам з парламенцкімі выбарамі, выбаршчыкам будзе прапанаванае пытанне: “Ці падтрымліваеце вы скасаванне бар’ера на мяжы Рэспублікі Польшча з Рэспублікай Беларусь?”

Падзяліцца: