Мінск 12:40

Афіцыйная датэрміновая яўка на 0,01 адсоткавага пункта перавысіла ранейшы рэкорд выбарчых кампаній

Датэрміновае галасаванне
Фота: Цэнтрвыбаркам

Фота: Цэнтрвыбаркам

24 лютага, Позірк. За час датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы (20—24 лютага) яўка склала 41,71%, паведаміла Цэнтральная выбарчая камісія. У першы дзень яўка нібыта была на ўзроўні 5,94%, па выніках двух дзён — 14,61%, трох — 24,44%, чатырох — 33,61%.

Цяперашні паказчык на 0,01 адсоткавага пункта перавысіў ранейшы рэкорд выбарчых кампаній, зафіксаваны на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз архіўных звестак ЦВК.

Нягледзячы на скасаванне парогу яўкі (50%), паводле сцвярджэння ЦВК, у Гомельскай вобласці датэрмінова прагаласавала 49,93% выбаршчыкаў (у першы дзень — 5,72%; у другі — 11,83%; у трэці — 13,13%; у чацвёрты — 12,15%; у пяты — 7,10%);

у Магілёўскай вобласці— 49,43% (6,67%; 8,94%; 10,46%; 11,20%; 12,16%);

Брэсцкай — 44,72% (6,13%; 8,72%; 10,63%; 9,56%; 9,68%);

Віцебскай (да сотых супадае з афіцыйнай агульнай яўкай) — 41,71% (6,11%; 8,14%; 9,14%; 9,66%; 8,66%);

Мінскай — 40,47% (6,33%; 8,43%; 8,80%; 8,60%; 8,31%);

Гродзенскай — 39,98% (4,02%; 6,55%; 9,73%; 10,39%; 9,29%);

у Мінску — 30,07% (6,19%; 7,61%; 7,55%; 4,69%; 4,03%).

У параўнанні з 2020 годам цяперашняя афіцыйная датэрміновая яўка вышэйшая ў Брэсцкай (+4,32 працэнтнага пункта), Віцебскай (+2,37), Гродзенскай (+1,38) і Мінскай (+0,81) абласцях, ніжэй — у Мінску (-3,33) і Магілёўскай вобласці (-0,49).

Афіцыйная датэрміновая яўка на папярэдніх парламенцкіх выбарах у 2019 годзе была абвешчаная на ўзроўні 35,77%, у 2016 годзе — 31,29%, у 2012-м — 25,9%, у 2008-м — 26,3%, у 2004-м — 17,39%.

На прэзідэнцкіх выбарах 2015 года гэты паказчык складаў 36,05%, 2010-га — 23,1%, 2006-га — 31,3%.

У параўнанні з датэрміновым галасаваннем на канстытуцыйным рэферэндуме 2022 года цяперашняя яўка была ніжэйшай (41,71% супраць 42,93%), пры гэтым па выніках двух і трох дзён — наадварот.

Асноўны дзень галасавання — 25 лютага. Да выбараў дапушчаныя толькі лаяльныя рэжыму кандыдаты ў дэпутаты.

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі.

Лідары беларускіх дэмакратычных сілаў, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, заклікалі да байкоту цяперашняга выбарчага працэсу.

Падзяліцца: