Мінск 06:24

У Данецк перададзена “гуманітарная дапамога дзецям Данбаса” — грузавікі, у тым ліку МАЗ

26 лютага, Позірк. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і РФ Дзмітрый Мезенцаў 26 лютага ў акупаваным Расіяй Данецку перадаў два грузавікі для студэнтаў аўтамабільных каледжаў у т.зв. “ДНР” і “ЛНР”.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць ТАСС, тэхніка закуплена “ў рамках рэалізацыі задач, пастаўленых вышэйшым Дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы”.

У ВДС уваходзяць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, кіраўнікі ўрадаў, кіраўнікі палат парламентаў дзвюх краін.

Паведамляецца, што два расійскія аўтамабілі КамАЗ “будуць задзейнічаны для правядзення практычных заняткаў у Данецкім тэхналагічным каледжы і Данецкім транспартна-тэхналагічным каледжы”, а Луганскі каледж аўтасэрвісу ім. Гізая атрымаў два аўтамабілі вытворчасці Мінскага аўтазавода.

У паведамленні беларускага дзяржагенцтва БелТА аўтамабілі фігуруюць як “чарговая партыя гуманітарнай дапамогі Саюзнай дзяржавы дзецям Данбаса” на суму 20 млн расійскіх рублёў (больш за 216 тыс. долараў на сёння. — “Позірк”.), выдзеленых з бюджэту СД.

Удакладняецца, што раней Мезенцаў чатыры разы прыязджаў на Данбас з “гуманітарнымі місіямі СД”. Былі перададзены прадукты харчавання, адзенне, цацкі, спартыўная форма і інвентар, камп’ютары і аргтэхніка, школьныя аўтобусы, 200 беларускіх ноўтбукаў Horizont, VR-комплексы для рэабілітацыі дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарата, а таксама чатыры трактары МТЗ.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой улады ў Мінску падтрымліваюць Крэмль.

Падзяліцца: