Мінск 12:24

Рыжанкоў назваў назіральнікаў БДІПЧ “замежнымі агентамі”

Крыніца: сайт АБСЕ

28 верасня, Позірк. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў сумняваецца ў неабходнасці запрашаць на прэзідэнцкія выбары 2025 года назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.

“Мы, канешне, будзем думаць, час у нас яшчэ ёсць. Але практычнай карысці, паверце, ад гэтага не будзе”, — заявіў ён беларускім дзяржСМІ ў Нью-Йорку, дзе ўдзельнічае ў мерапрыемствах Генасамблеі ААН.

“Ведаеце, калі прыязджаюць назіральнікі, яны ўжо настроены адпаведным чынам, ужо прайшлі “абкатку”, як на што глядзець. І калі ўжо самой арганізацыі зададзены нейкія наратывы, якія трэба ўбачыць ці як адлюстраваць Беларусь, навошта нам такое назіранне?” — адзначыў ён.

Ён абвінаваціў БДІПЧ у тым, што структура ажыццяўляе “дасканалы маніторынг” выбарчага працэсу “толькі ў постсавецкіх краінах”.

“Калі няма агульных стандартаў, калі прыдумляюцца нейкія стандарты і некаторыя эксперты кажуць, што “гэтыя стандарты дзейнічаюць толькі для вас”, калі загадзя ўсё напісана, калі пад гэтыя выгады знойдзены пэўныя “замежныя агенты” з ліку нашых грамадзян або грамадзян іншых краін, якія знаходзяцца ў гэты час у Беларусі, навошта нам такія назіральнікі?” — заключыў чыноўнік.

Мінск не запрашаў назіральнікаў БДІПЧ на прэзідэнцкія выбары 2020 года і парламенцкія 2024 года. Раней гэта рабілася ўвесь час, місіі ў сваіх справаздачах не прызнавалі выбары дэмакратычнымі.

У траўні БДІПЧ АБСЕ адмовілася накіроўваць місію назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў гэтую балтыйскую дзяржаву.

Прынятае рашэнне БДІПЧ патлумачыла патрабаваннем Вільнюса “выключыць з ліку назіральнікаў грамадзян некаторых краін – членаў АБСЕ”. У бюро падкрэслілі, што запрашэнне місіі з такой умовай з’яўляецца “парушэннем абавязацельстваў, узятых на сябе ўсімі дзяржавамі — удзельніцамі АБСЕ”.

Размова ішла аб назіральніках з Беларусі і Расіі. Запрашэнне на выбары прадстаўнікоў гэтых краін у МЗС Літвы назвалі “насмешкай з дэмакратыі”.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года.

“Замежны агент” — статус, які прысвойваецца ў Расіі асобам, якія, па сцвярджэнні ўладаў, атрымліваюць замежную падтрымку або знаходзяцца пад “замежным уплывам”. Уведзены ў 2012 годзе. Масава выкарыстоўваецца для пераследу нязгодных з мясцовым палітычным рэжымам.

Прыняцце такіх расійскіх норм у Грузіі на ўзроўні закона выклікала масавыя пратэсты ў краіне ў 2024 годзе.

Падзяліцца: