Грамадзянін Беларусі спрабаваў увезці з Польшчы аўтамабіль без выплаты пошліны — яму пагражае штраф, магчымая крымінальная справа

12 верасня, Позірк. Спробу даставіць у Беларусь з Польшчы аўтамабіль пад выглядам ужо зарэгістраванага ў ЕАЭС транспартнага сродку (ТС) спынілі брэсцкія мытнікі, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Паводле інфармацыі ведамства, 47-гадовы грамадзянін Беларусі ўвозіў аўтамабіль “Сеат Альгамбра” праз пункт пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль). Падчас кантролю ён перадаў тэхпашпарт, звесткі ў якім, як адзначаецца, “не адпавядалі фактычнай маркіроўцы на транспартным сродку”.
“Падчас агляду мытнікі высветлілі, што металічная пласціна з VIN-нумарам пад капотам была замацаваная незаводскім спосабам, — гаворыцца ў паведамленні. — Экспертыза пацвердзіла, што маркіроўка відазмененая шляхам выдалення часткі панэлі кузава з арыгінальнымі знакамі і яе замены самаробным фрагментам”.
Заяўлена, што такім чынам “кіроўца меў намер ухіліцца ад выплаты мытных плацяжоў”. Аўтамабіль, ацэначны кошт якога перавышае 30 тыс. рублёў, “канфіскаваны да рашэння суда”.
У дачыненні да беларускага грамадзяніна распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 2 арт. 15.1 КаАП (перамяшчэнне тавараў, што трапляюць пад мытнае дэклараванне, з утойваннем ад мытнага кантролю, з наданнем адным таварам выгляду іншых тавараў). Санкцыя паводле гэтай часткі артыкула для фізічнай асобы — штраф да 30 базавых велічынь (да 1.350 рублёў), магчымая канфіскацыя ТС.
Акрамя таго, згодна з інфармацыяй ДМК, праводзіцца праверка “на падставе прыкмет злачынства, прадугледжанага арт. 381 КК”.
Даведка “Позірку”. Артыкул 381 КК (падробка альбо знішчэнне ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку) складаецца з дзвюх частак.
У ч. 1 гаворыцца пра падробку або знішчэнне ідэнтыфікацыйнага нумара, нумара кузава, шасі, рухавіка; падробку нумарнога знака транспартнага сродку — для выкарыстання або збыту ТС; збыт ТС, кузава, шасі або рухавіка з такімі падробкамі. Пакаранне паводле гэтай часткі артыкула — штраф, арышт, абмежаванне або пазбаўленне волі (у абодвух выпадках — на тэрмін да 2 гадоў).
У ч. 2 апісаныя тыя ж дзеянні, але здзейсненыя “паўторна або групай асоб з папярэдняй змовы”. Пакаранне больш строгае — арышт альбо абмежаванне ці пазбаўленне волі (на тэрмін да 5 гадоў у абодвух выпадках).
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11 верасня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа першую дэкаду верасня суседнія краіны ЕС зафіксавалі 554 спробы парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка



