Мінск 15:17

Беларусь на саміце БРІКС у Нью-Дэлі прадстаўляе Рыжанкоў — на сустрэчы з індыйскім калегам абмеркаваны графік візітаў на найвышэйшым узроўні

Цэнтр Bharat Mandapam у Нью-Дэлі — месца правядзення саміту БРІКС
Ілюстрацыйнае фота: audiala.com

12 верасня, Позірк. На падставе даручэння Аляксандра Лукашэнкі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 12 верасня прыбыў у Індыю для ўдзелу ў 18-м саміце БРІКС (12–13 верасня, Нью-Дэлі), паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Адзначаецца, што на палях форуму ўжо адбылася яго сустрэча з кіраўніком індыйскага знешнепалітычнага ведамства Субраманьямам Джайшанкарам.

Бакі, як заяўлена, “абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў беларуска-індыйскай супрацы”. “Адным з цэнтральных элементаў сустрэчы стала абмеркаванне графіка двухбаковых візітаў на найвышэйшым і высокім узроўнях на найбліжэйшую перспектыву”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падчас перагавораў суразмоўцы закранулі пытанні “пашырэння консульскай прысутнасці Беларусі ў рэгіёнах Індыі ў мэтах умацавання міжрэгіянальных сувязяў”.

Міністры абмеркавалі падрыхтоўку дарожнай карты двухбаковай супрацы на 2026–2030 гады, а таксама “пытанні найхутчэйшай арганізацыі” 12-га пасяджэння Беларуска-Індыйскай міжурадавай камісіі па супрацы ў галіне эканомікі, гандлю, прамысловасці, навукі, тэхналогій і культуры.

“Важным складнікам пасяджэння камісіі маюць стаць асобныя сектаральныя кансультацыі з удзелам бізнесу і рэгулятараў, — адзначыў МЗС. — Рэалізацыя гэтых задач дазволіць на належным узроўні падрыхтаваць кантакты паміж дзвюма краінамі на найвышэйшым узроўні”.

Рыжанкоў заявіў пра “пазітыўную дынаміку” двухбаковага тавараабароту, які “перавысіў 1 мільярд долараў ЗША і працягвае расці” (не ўдакладняецца, за які перыяд).

Беларусь, як дамовіліся суразмоўцы, будзе садзейнічаць найхутчэйшаму завяршэнню працэсу перагавораў па пагадненні аб зоне свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Індыяй.

Кіраўнік МЗС Беларусі паведаміў калегу пра рашэнне ўрада Беларусі, звязанае з выдачай індыйскім грамадзянам беларускіх электронных віз, што “дазволіць інтэнсіфікаваць міжасабовыя і дзелавыя кантакты”. Гэтай жа мэце, паводле яго слоў, будзе служыць “адкрыццё большай колькасці авіярэйсаў — як паміж Мінскам і Нью-Дэлі, так і ў іншыя буйныя індыйскія гарады”.

Сцвярджаецца, што Джайшанкар сярод іншага высока ацаніў “намаганні Беларусі па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу і нармалізацыі сітуацыі ў рэгіёне Усходняй Еўропы”. Пра тое, што Мінск падтрымлівае Маскву ва “ўкраінскім крызісе” — развязанай РФ вайне супраць Украіны, — у паведамленні не згадваецца.

Мінск, падаўшы заяўку на ўступленне ў БРІКС у 2023 годзе, у студзені 2025-га атрымаў статус дзяржавы — партнёра аб’яднання.

У 2006 годзе Бразілія, Расія, Індыя і Кітай пачалі працэс фармавання БРІК — садружнасці дзяржаў, заснаванай на прынцыпах эканамічнай супрацы. Першы саміт БРІК, які азнаменаваў стварэнне аб’яднання, адбыўся ў чэрвені 2009 года.

У 2011-м садружнасць БРІК была перайменаваная ў БРІКС пасля далучэння Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (С — South Arfica).

Ад пачатку 2024 года арганізацыя ператварылася ў БРІКС+ (часта “+” ў назве апускаюць), калі ў яе прынялі Іран, Саудаўскую Аравію, Егіпет, Эфіопію і ААЭ. Аргенціна, якая атрымала афіцыйнае запрашэнне, адмовілася ад уступлення пасля прыходу да ўлады ў снежні 2023 года прэзідэнта Хаўера Мілея.

У 2020-х заяўкі на ўступленне ў БРІКС падалі Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Інданезія. Цікавасць да патэнцыйнага далучэння праявілі Ангола, Афганістан, Венесуэла, Габон, Гвінея-Бісау, Гандурас, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ, Казахстан, Каморскія Астравы, Куба, Мексіка, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Сенегал, Сірыя, Судан, Тайланд, Туніс, Турцыя, Уганда ды Уругвай.

Падзяліцца: