Кіраўнік СК РФ Бастрыкін пахваліў беларускага калегу Бычака за ўсведамленне важнасці “фармавання адзінай прававой прасторы”

12 верасня, Позірк. “Значнасць узаемадзеяння” Следчага камітэта Беларусі са СК РФ адзначыў 12 верасня старшыня расійскага ведамства Аляксандр Бастрыкін у віншаванні з 15-годдзем з дня ўтварэння беларускага органа.
“Нашыя ведамствы звязваюць гады плённай супрацы, пабудаванай на агульных прынцыпах законнасці, справядлівасці і няўхільнасці пакарання, — сцвярджае ён. — Ва ўмовах сучасных пагроз транснацыянальнай злачыннасці, тэрарызму і экстрэмізму нашае партнёрства набыло асаблівую каштоўнасць. Сумесныя намаганні па раскрыцці і расследаванні злачынстваў, абмен досведам, практыка аказання прававой дапамогі па крымінальных справах — усё гэта служыць надзейнай асновай для ўмацавання бяспекі Саюзнай дзяржавы”.
На думку Бастрыкіна, “эфектыўнасць працы” СК Беларусі забяспечваецца “намаганнямі ўсяго калектыву на чале з Канстанцінам Фёдаравічам Бычакам”.
“Ён дэманструе паслядоўны падыход, надае ўвагу сумесным праектам і ўсведамляе важнасць фармавання адзінай прававой прасторы ў перспектыве стасункаў паміж нашымі дзяржавамі. Пад яго кіраўніцтвам беларускае следства ўпэўнена развіваецца, захоўваючы пераемнасць і адначасова ўкараняючы новыя падыходы да раскрыцця злачынстваў”, — гаворыцца ў паведамленні.
11 снежня 2025 года ў Мінску з Бастрыкіным сустракаўся Аляксандр Лукашэнка. “Мы з вамі прытрымліваемся адной лініі, адной пазіцыі. У нас ніколі не было разыходжанняў пры ацэнцы ні ўнутраных, ні знешніх фактараў існавання Расіі, Беларусі”, — заявіў тады палітык.
Следчы камітэт з’яўляецца часткай рэпрэсіўнай машыны рэжыму Лукашэнкі, органам, які непасрэдна ўдзельнічае ў палітычна матываваных крымінальных пераследах. Часта выступае ініцыятарам спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да беларусаў, якія жывуць за мяжою.
2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.
Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які займаў на той момант пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна звязаў далейшую падтрымку Мінска з боку Масквы з тым, наколькі шчыльна яны будуць збліжацца.
Працэс актывізаваўся пасля таго, як Расія падтрымала Лукашэнку на хвалі паслявыбарчых пратэстаў 2020 года, а таксама пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны ў лютым 2022-га, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваіх аналітычных справаздачах шматкроць заяўляў пра тое, што Масква працягвае выкарыстоўваць структуры Саюзнай дзяржавы для фактычнай анексіі Беларусі і знаходзіцца на фінальнай стадыі гэтага працэсу.
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаНа мяжы з Літвой працягнуўся рост актыўнасці нелегальных мігрантаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаЗа пяць гадоў рэнтабельнасць продажаў у Беларусі знізілася з 8,2% да 6,9%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваАд пачатку 2026 года зарэгістравана больш за 7 тыс. выпадкаў лічбавага махлярства з рэальнымі стратамі для грамадзян — ГенпракуратураМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка


