Мінск 00:28

Ціханоўская: Беларусь будзе часткай глабальнай эканомікі, а не расійскай

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

1 сакавіка, Позірк. “Беларусь становіцца ўсё больш залежнай ад Расіі. Пачынаючы з 2021 года, доля гандлю паміж гэтымі дзвюма краінамі штогод прырастае двухзначнымі лічбамі”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, звяртаючыся да ўдзельнікаў першага Беларуска-амерыканскага бізнес-форуму, які адкрыўся 1 сакавіка ў Вашынгтоне.

Паводле слоў Ціханоўскай, “расійскія інвестары і іх давераныя асобы” сёння з’яўляюцца ключавымі на беларускім рынку.

“Расія стала адзіным замежным крэдыторам для беларускага рэжыму. Але так быць не павінна. Не такім мы бачым будучыню Беларусі. Я і мая каманда, а таксама мільёны беларусаў поўныя рашучасці змяніць гэтую рэальнасць. У мяне ёсць вельмі дакладнае бачанне таго, што Беларусь будзе часткай глабальнай эканомікі, а не эканомікі Расіі”, — сказала палітык.

Назваўшы форум “гістарычнай падзеяй для беларускага бізнесу”, яна падзякавала за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства Міністэрства гандлю ЗША. Ціханоўская выказала ўдзячнасць Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА), якая зрабіла “гэтую падзею магчымай”, а таксама Дзяржаўнаму дэпартаменту ЗША і Агенцтву па міжнародным развіцці USAID за “доўгатэрміновую прыхільнасць свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”.

Ціханоўска перакананая, што пасля дэмакратычных зменаў асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі стануць заходнія краіны. “Мы будзем актыўна дамагацца заключэння пагадненняў аб свабодным гандлі як з ЕС, так і з ЗША, ствараючы адзін з самых прывабных бізнес-кліматаў у свеце. Беларуская эканоміка будзе квітнець на аснове моцнага і інавацыйнага прыватнага сектара, які спрыяе фарміраванню моцнага сярэдняга класа”, — падкрэсліла палітык.

Яна выказала ўпэўненасць, што “многія таленавітыя беларусы вернуцца на радзіму ў якасці кіраўнікоў прадпрыемстваў, прыватных інвестараў і прадпрымальнікаў”. “У новай Беларусі кожны бізнесмен будзе шанавацца і паважацца. Не толькі за ўклад у росквіт, але і за тое, што яны абаранілі нас ад дыктатуры”, — адзначыла дэмлідар.

Яна нагадала, што “са жніўня 2020 года да паўмільёна беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну”.

“Тысячы людзей былі вымушаныя перанесці свае прадпрыемствы або пачаць сваю справу з нуля. Для большасці ад’езд быў не выбарам, а неабходнасцю, каб пазбегнуць турэмнага зняволення. Гэтыя людзі праявілі дзіўную мужнасць, удзельнічаючы ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе, і яны працягваюць праяўляць мужнасць у выгнанні, спрабуючы захаваць свой бізнес”, — сказала Ціханоўская.

“Па ўсім свеце, уключаючы ЗША”, дадала яна, працуюць “тысячы зарэгістраваных прадпрыемстваў з беларускімі акцыянерамі”.

“У нас ёсць вядомыя буйныя IT-кампаніі беларускага паходжання, якія прадстаўленыя на вядучых сусветных фондавых біржах. У нас ёсць мноства малых і мікракампаній, якія штодня вядуць свой бізнес, плацяць падаткі і ствараюць працоўныя месцы. У нас ёсць мноства стартапаў таленавітых будучых беларускіх бізнесменаў і бізнесвумен. У нас ёсць ABBA, якая аб’ядноўвае больш за 100 аўтарытэтных кампаній з 10 краін, якая спрыяе супрацоўніцтву і росту”, — удакладніла палітык.

“Нам трэба заставацца адзінымі, — упэўненая Ціханоўская. — Ваш голас — голас беларускіх безнесменаў — будзе нашмат мацнейшы, калі вы будзеце дзейнічаць разам. Сёння вы дапамагаеце адзін аднаму вырашаць бягучыя праблемы бізнесу, адстойваеце свае патрэбы і абараняеце свае правы, а заўтра станеце ўдзельнікамі будучых палітычных і эканамічных рэформаў у Беларусі”.

Сумеснымі намаганнямі, звярнулася Ціханоўская да ўдзельнікаў форуму, дэмсілы і прадпрымальнікі распрацуюць “план рэпатрыяцыі бізнесу”: “Каб вы не забывалі родную краіну і інвеставалі ў новую свабодную і квітнеючую Беларусь”.

Даўшы высокую ацэнку “Дарожнай карце дапамогі паміж праграмай развіцця камерцыйнага права Міністэрства гандлю ЗША і Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой”, яна заявіла, што гэтая праграма разам са стратэгічным дыялогам дэмсіл і Вашынгтона стане “трывалым падмуркам” для цеснага двухбаковага супрацоўніцтва.

“Як нацыянальны лідар Беларусі, я заўсёды буду адстойваць інтарэсы беларускага народа і сумленнага беларускага бізнесу, дзе б ён ні працаваў — у Беларусі ці за мяжой. Я ганаруся беларускім бізнесам. І я зраблю ўсё магчымае, каб яны ганарыліся тым, што з’яўляюцца беларускім бізнесам ва ўсім свеце. Давайце разам будаваць новую Беларусь”, — рэзюмавала Ціханоўская.

Правядзенне беларуска-амерыканскага бізнес-форуму ў Вашынгтоне ў пачатку 2024 года было анансавана віцэ-прэзідэнтам ABBA Марынай Гірын 20 верасня 2023 года на III Беларускім бізнес-форуме ў Варшаве.

Падчас варшаўскага форуму была падпісаная “дарожная карта” супрацоўніцтва паміж АВВА і Міністэрствам гандлю ЗША. У дакуменце прапісаныя канкрэтныя механізмы ўзаемадзеяння бакоў шляхам арганізацыі бізнес-форумаў, падтрымкі дзейнасці членаў асацыяцыі, дапамогі ў правядзенні маркетынгавых даследаванняў і інш.

Падзяліцца: