Мінск 18:43

Лаўроў у Мінску: АБСЕ пазнасілася і не выконвае сваё прызначэнне

25 кастрычніка, Позірк. Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ўжо “пазнасілася” і не выконвае сваё прызначэнне, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на сустрэчы з беларускім калегам Сяргеем Алейнікам у Мінску 25 кастрычніка.

Міністры замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў (злева) і Сяргей Алейнік на сустрэчы ў Мінску 25 кастрычніка.
Фота: МЗС Беларусі

“Даўно ўжо час пачынаць рух да фармавання еўразійскай платформы, сістэмы, структуры бяспекі. Няма ніводнай арганізацыі, якая ахоплівае ўсе праблемы нашага кантынента”, — цытуе Лаўрова прэс-служба яго ведамства.

На думку расійскага чыноўніка, без аб’яднання ўсіх існуючых арганізацый кантынента — АСЕАН, ШАС, АДКБ, ЕАЭС — “будзе цяжэй выкарыстоўваць на карысць нашых краін і народаў тыя канкурэнтныя перавагі, якія нам дае агульная прастора”.

Лаўроў прыбыў у беларускую сталіцу для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, які трансфармуецца” (26—27 кастрычніка). Канферэнцыя заяўлена як мерапрыемства “высокага ўзроўню”. Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, удзел у ёй возьмуць прадстаўнікі “каля 30 краін”.

“Мы смакуем наперад заўтрашнюю дыскусію. Яна павінна быць карыснай”, — сказаў Лаўроў.

З 24 лютага 2022 года Расія пры падтрымцы Беларусі і некаторых іншых недэмакратычных краін вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны. АБСЕ асуджае дзеянні Расіі і яе сатэлітаў у Мінску.

Падзяліцца: