Мінск 19:30

Мінабароны заканчвае праверку боегатоўнасці

Фота: Мінабароны

17 красавіка, Позірк. Аб “паэтапным звальненні” ваеннаабавязаных, прызваных для праверкі баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных сіл, паведаміла 17 красавіка прэс-служба Міністэрства абароны.

Удакладняецца, што каля 6,5 тыс. ваеннаабавязаных былі прызваныя ў 19-ю асобную механізаваную брыгаду і 120-ю зенітную ракетную брыгаду, яны “вернуцца дадому” да 30 красавіка, а “тэхніка, якая прыцягваецца для мерапрыемстваў праверкі, вернутая ў арганізацыі”.

Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы ва УС — начальнік галоўнага ўпраўлення па ідэалогіі Леанід Касінскі адзначыў, што “падводзіць вынікі праверкі боегатоўнасці пакуль рана”, але “ёсць асаблівасці, пра якія мы ўжо можам упэўнена казаць”.

Паводле яго слоў, “практыка прыцягнення інструктараў, якія прайшлі падрыхтоўку ў Расійскай Федэрацыі, адназначна паказвае сваю эфектыўнасць”.

“Дзякуючы таму, што ў нас ёсць магчымасць пераймаць сучасны баявы вопыт і ўкараняць яго ў сябе, мы фактычна здзяйсняем якасны скачок ва ўзроўні падрыхтаванасці асабістага складу”, — сказаў Касінскі.

У ходзе праверкі боегатоўнасці, дадаў ён, “войскі апрабавалі новыя спосабы прымянення ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі”.

“Вялікая ўвага ў ходзе вучэння надавалася пытанням адбіцця сродкаў паветранага нападу, у тым ліку беспілотных лятальных апаратаў, павышэнню жывучасці падраздзяленняў, процідзеянню дыверсійна-разведвальных груп. Нават самі ваеннаабавязаныя, якія праходзілі службу некаторы час таму, адзначаюць і заўважаюць, што беларускае войска сёння кардынальна змяніла сваё аблічча”, — падкрэсліў ідэолаг Мінабароны.

Ён адзначыў “зараджанасць людзей на абарону сваёй краіны”. Касінскі сцвярджае, што ваеннаабавязаным “сёння не трэба тлумачыць, што бяспека краіны — гэта агульная справа”.

Праверка боегатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей праходзіла з 11 сакавіка.

Падзяліцца: