Мінск 00:31

З пачатку 2023 года пракуратура Гомельскай вобласці выявіла больш за 90 “экстрэмісцкіх матэрыялаў”

Крыніца: slova.by

14 чэрвеня, Позірк. Больш за 90 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” для наступнага іх унясення ў адпаведны спіс накіравана ў суды органамі пракуратуры Гомельскай вобласці з пачатку 2023 года, паведамляе прэс-служба нагляднага ведамства.

Сцвярджаецца, што асобам, прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці за дачыненне да згаданых матэрыялаў, вынесеныя “афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці паўторнага парушэння заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму”.

У траўні гэтага года пракуратура Мінска паведамляла, што па выніках маніторынгу інтэрнэт-парталаў, сацыяльных сетак, тэлеграм-каналаў і іншых рэсурсаў за 2023 год і мінулы перыяд 2024-га ў суды накіравана больш за 180 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Суды задаволілі больш за 160 такіх заяў.

Паводле прыведзеных даных, “экстрэмісцкімі матэрыяламі” ў Мінску прызнаная інфармацыя, размешчаная ў 104 тэлеграм-каналах або чатах (ботах), 25 акаўнтах у сацыяльнай сетцы “ЦікТок”, 26 каналах на відэахостынгу “Ютуб”, 24 акаўнтах (супольнасцях) у “Фэйсбуку”, 20 інтэрнэт-сайтах, 17 старонках у “Інстаграме”, 13 акаўнтах у X (“Твітары”), 10 старонках (уліковых запісах) ва “УКантакце”, адным акаўнце ў “Аднакласніках”, 11 іншых інфармацыйных крыніцах (кнігах і інш.).

Акрамя таго, па заявах органаў пракуратуры Мінска прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі” шэсць візуальных матэрыялаў у выглядзе лагатыпаў, малюнкаў і лічбавых вадзяных знакаў.

Рэспубліканскі спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” апублікаваны і пастаянна абнаўляецца на сайце Міністэрства інфармацыі. На 14 чэрвеня ён займае 1.106 старонак. “Экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнаныя публікацыі многіх незалежных СМІ, кантэнт грамадскіх, праваабарончых і іншых недзяржаўных арганізацый, сацсетак палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, якія не падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, кнігі, відэаролікі і музычныя творы, у якіх утрымліваецца крытыка дзейнай улады, і інш.

З 2020 года пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам беларускія ўлады працягваюць масавыя палітычныя рэпрэсіі.

Падзяліцца: